«Закрыць» за што заўгодна. Як у Светлагорску знайшлі нагоду пасадзіць актывіста роварнага руху перад выбарамі

Андрусь ГАЁВЫ 22.09.2020

>

Беспадстаўныя абвінавачванні ў падпале аўтамабіля чыноўніка і прыдуманае «масавае мерапрыемства» - абы толькі нейтралізаваць актывіста перад выбарамі. Так дзейнічала светлагорская міліцыя. Сваю гісторыю распавёў адзін з удзельнікаў роварнага руху ў Светлагорску.


Дзяніс ЛУЧЫН.

29 ліпеня група светлагорскіх раварыстаў прыйшла падтрымаць свайго таварыша Арцёма Данілава, якога выклікалі для апытання ў апорны пункт міліцыі. Сярод іх быў і Дзяніс Лучын. Як толькі да апорнага пункта падыйшоў Арцём, да групы ягоных сяброў пад’ехалі міліцыянты, работнікі Следчага камітэту і чатыры АМАПаўцы. Усіх семярых, хто чакаў сябра, затрымалі.

Як распавядае Дзяніс Лучын, іх спачатку завялі ў «апорнік», а потым пачалі вазіць па кватэрах і рабіць ператрусы. Шукалі гаруча-змазачныя матэрыялы, выбухоўку ці нешта яшчэ, што магло мець дачыненне да падпалу машыны тады яшчэ старшыні раённай выбарчай камісіі і намесніка старшыні райвыканкама Міхаіла Пятроўскага (ягоны аўтамабіль згарэў на стаянцы перад домам незадоўга да таго).

Пасля ператрусу ў кватэры Лучына, падчас якога міліцыянты нічога падазронага не знайшлі, а толькі забралі для экспертызы рабочае адзенне, яго прывезлі ў РАУС. Там некалькі гадзінаў дапытвалі розныя супрацоўнікі. Правяралі тэлеграм-каналы ў ягоным тэлефоне.

«Спачатку мне сказалі, што я сведка. А позна ўвечары абвясцілі, што я падазраваны. І ў пратаколе затрымання пазначылі не фактычны час затрымання, а час, калі мне сказалі, што я падазраваны. Гэта адбылося а 22.50, хаця фактычна нас каля апорніка затрымалі прыкладна а 17.30. На мае заўвагі, што я быў затрыманы не а 22.50 міліцыянты ніяк не рэагавалі і нічога не тлумачылі. Пасля гэтага мяне змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Потым прапанавалі прайсці так званы “паліграф” – дэтэктар хлусні. Я ведаў, што не маю ніякага дачынення да таго падпалу і спадзяваўся, што калі яны пераканаюцца, што не хлушу, мяне вызваляць, таму згадзіўся. Прайшоў “паліграф”, але, хоць ён нічога кепскага не паказаў, мяне адправілі назад у ІЧУ», – кажа Дзяніс Лучын.


31 ліпеня да яго ў камеру прыйшоў участковы, каб апытаць ужо пра паездку на роварах аматараў гэтага сродку перасоўвання, якія 17 ліпеня праехаліся кампаніяй па горадзе. І 1 жніўня за 2 гадзіны да сыходу магчымых 72-х гадзін затрымання без прад’яўлення абвінавачвання па крымінальнай справе аб падпале чынавенскай машыны, Лучыну абвясцілі, што супраць яго распачаты адміністрацыйны працэс паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў». Нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным райвыканкамам велапрабегу. Тады ж 1 жніўня з яго знялі падазрэнне ў падпале аўтамабіля чыноўніка.

1 жніўня была субота і Дзяніса Лучына пакінулі да суда ў ІЧУ. Суд адбыўся ў панядзелак 3 жніўня і прысудзіў яму 14 сутак арышту.

«Да 10 жніўня я сядзеў у ІЧУ Светлагорскага РАУС. Умовы, канешне, такія, якія прыніжаюць любую чалавечую годнасць. Камера 2,5 на 2,5 метра. Проста ў камеры прылада, якая служыць прыбіральняй і ўвесь час смярдзіць. Цэлы дзень у камеры гарыць святло, таму што вакно закрытае аркушом металу, у якім насвідраваныя дзірачкі, дыяметрам недзе каля 1 сантыметра, праз якія дзённае святло не праходзіць, а можна толькі здагадацца светла на вуліцы, або цёмна. Праз усе камеры працягнутая труба, якая нібыта забяспечвае вентыляцыю. Але, калі ў нейкай камеры закурылі, дык дым распаўсюджваецца па ўсіх камерах», – узгадвае Дзяніс Лучын.

10 жніўня, калі ў ІЧУ пачалі масава саджаць затрыманых на акцыях пратэстаў супраць фальсіфікацыяў выбараў, там скончылася вольнае месца. Тых, хто быў затрыманы раней, перавезлі ў Гомель. Спачатку Дзяніс Лучын патрапіў у СІЗА, дзе праседзеў пяць дзён. А 15 жніўня яго перавялі ў Гомельскі ізалятар часовага ўтрымання.

16 жніўня сыходзілі прызначаныя Дзянісу Лучыну судом 15 сутак арышту. Ягоная жонка патэлефанавала ў Гомельскі ІЧУ, каб спытаць, калі вызваляць мужа. Ёй паведамлілі, што ён вызваліцца дакладна ў такі час, які пазначаны ў пратаколе затрымання, то бок, а 22.50. Але выгналі Дзяніса з ІЧУ а 12.20. Відавочна, баючыся, што магчыма яго будзе сустракаць нейкая грамада падтрымкі сяброў.   

Выйшаўшы на волю ў чужым горадзе, не маючы ні тэлефона, ні грошай, Дзяніс спачатку разгубіўся. Але потым узгадаў адрас хлопца, які сядзеў разам з ім у адной камеры і вызваліўся раней. Ён пайшоў да яго. Той даў яму магчымасць звязацца з жонкай, паведаміць, што ён ужо на волі, а таксама пазычыў грошай на квіток на аўтобус да Светлагорска.

Зараз Дзяніс Лучын усё яшчэ лічыцца сведкам па справе аб падпале аўтамабіля светлагорскага чыноўніка. Ягонае адзенне зараз знаходзіцца на экспертызе, на ім шукаюць сляды рэчыва, якое магло быць выкарыстана для падпалу машыны.

Дзяніс займаецца рамонтнымі работамі. Ён кажа, што не ўяўляе, што можа быць на ягоным адзенні, якое забралі для экспертызы. Там могуць быць рэшткі якога-небудзь распушчальніка ці ад бліскавіцаў пры разьбе балгаркай. Таму ён апасаецца, што яму могуць прыпісаць тое, што ён не рабіў на падставе нейкіх дапушчэнняў з-за знойдзеных на адзенні рэчываў.


«Тое, што ў нас вось так – без дай прычыны, могуць схапіць у схаваць у турму каго заўгодна – гэта жахліва. Яны думалі, што пасадкамі актывістаў роварнага руху перад выбарамі спыняць пратэсты людзей пасля сфальсіфікаваных вынікаў галасавання? Але, як бачым, яны пралічыліся. Нягледзячы на папярэднія пасадкі, Светлагорск выйшаў. Людзі ўзняліся без аніякіх актывістаў і лідараў – кожны сам. І мы, тыя хто сядзеў у камерах ІЧУ, калі пачулі праз дзіравыя вокны воклічы, якія даносіліся з плошчы, спачатку былі не паверылі сваім вушам. Але потым усё больш і больш выразна было чуваць, што гэта скандзіруюць людзі, што недзе побач грукаюць па шчытах міліцыянты. Разумелі, што гэта дэманстрацыя. Дэманстрацыя ў Светлагорску! Людзі ўзняліся! І нам было радасна. Гэтыя крыкі ўзнімалі наш дух, не давалі адчуваць сябе самотнымі ў тых камерах!», – гаворыць Дзяніс Лучын пра першыя дні паслявыбарных пратэстаў, якія ён сустрэў у няволі.