Мазырскую “Элачку-людаедку” адправілі на пенсію
Палеская Вясна
07.08.2024
Праўладны
мясцовы тэлеканал “Мозырь” паведаміў, што ў Мазыры адбылася змена намесніцаў
старшыні раённага суда ў крымінальных справах, заўважыла Гомельская Вясна.
Элеанору
Ярмоленка вырашылі выправіць на пенсію. Яе перавялі былі судзіць у
Мазыр з пракуратуры Каленкавіцкага раёна больш за 20 гадоў таму. Апошнія 10
гадоў яна была прызначаная асабістым указам Лукашэнкі на пасаду намесніка
старшыні суда Мазырскага раёна ў крымінальных справах.
На рахунку Ярмоленка каля трох дзясяткаў палітычна
матываваных прысудаў. Яна з лёгкасцю адпраўляла за краты людзей за рэалізацыю
імі сваіх правоў на мірныя сходы, на выказванне меркаванняў. У тым ліку
знявольвала яна і непаўнагадовых.
Элеанора ЯРМОЛЕНКА перад вынясеннепм чарговага палітычнага прысуду.
Шмат прысудаў вынесла Элеанора Ярмоленка паводле
палітычна матываваных справаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Прычым,
пазней, яна тыя ж падзеі, за якія прызначала адміністрацыйныя пакаранні, як за “парушэнне
парадку правядзення масавых мерапрыемстваў”, разглядала ўжо, як “групавыя
дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак” і выносіла за ўдзел у тых
самых мірных сходах грамадзян крымінальныя прысуды. За такое шчыраванне на ніве
палітычных рэпрэсіяў у Мазыры ў 2021 годзе Элеанору Ярмоленка людзі пачалі
называць “Элачка-людаедка”.
На месца намесніцы старшыні суда Мазырскага раёна Лукашэнка
сваім указам прызначыў іншую вядомую сваімі палітычна матываванымі прысудамі
сваю стаўленіцу. Цяпер гэтую пасаду займацьме Галіна Кніжонак. Раней яна мела прозвішча Кніжонак-Максімава, але
потым з ейнай “другой паловай” у яе нешта не склалася і яна засталася проста Кніжонак.
Галіна КНІЖОНАК.
Але гэта не перашкаджае знайсці ў медыях паведамленні пра
самамала дзесяць прысудаў, якія яна вынесла пасля пачатку пратэстаў у 2020
годзе ў палітычна матываваных абвінавачваннях. Яна адпраўляла людзей за краты
за ўдзел у мірных сходах, выказванне меркаванняў пра дэ-факта кіраўніка
Беларусі і ягоных прыспешнікаў ды рэалізацыю іншых правоў чалавека.
Таксама “на рахунку” Галіны Кніжонак больш за два
дзясяткі палітычна матываваных пакаранняў у адміністрацыйных справах.