У Калінкавіцкім раёне два сельгаспрадпрыемствы аштрафавалі за непрыдатную для вучэнняў “тэрабароны” тэхніку

Андрусь ГАЁВЫ 14.06.2024

>>>

Машыны гаспадарак не мелі допуску да ўдзелу ў дарожным руху.

Пра гэта стала вядома з пастановаў “суда” Калінкавіцкага раёна, вынесеных 30 красавіка гэтага года і апублікаваных у банку судовых рашэнняў. У двух такіх пастановах гаворыцца, што падчас праверак падрыхтаванасці арганізацыяў да прадстаўлення транспартных сродкаў войскам і фармаванням, інспектары выкрылі, што на транспарт, які адмысловым нарадам быў прызначаны для прадстаўлення на вучэнні, не было атрымана допуску для ўдзелу ў дарожным руху (не пройдзены тэхагляд).

Праштрафіліся такім чынам камунальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Імя Кутузава”, якое месціцца ў вёсцы Даманавічы, і філія “Зеляночы” ААТ “Калінкавіцкі мясакамбінат” з канторай у вёсцы Насавічы.

Пры гэтым прадстаўнікі абодвух сельгаспрадпрыемстваў на судовыя пасяджэнні не з’явіліся. Тым не менш, пакаранні для юрыдычных асоб, прызначаныя так званымі суддзямі, – мінімальныя, прадугледжаныя артыкулам 24.40 Кодэкса аб адміністрцыйных правапарушэннях “Невыкананне ваенна-транспартнага абавязку”. Абедзьве юрыдычныя асобы аштрафавалі на 5 базавых велічыняў (200 рублёў).   

Сёлета ў сакавіку і красавіку ў Гомельскай вобласці адбывалася праверка гатовасці так званых войскаў тэрытарыяльнай абароны. Мясцовых чыноўнікаў вучылі склікаць “апалчэнні”. Як бачым, калінкавіцкія сельгасначальнікі праверку “завалілі”. Тым не менш, тэхніка, якая не мае допуску да ўдзелу ў дарожным руху, хоць і не змагла ехаць на вайсковыя вучэнні, але ў гаспадарках працуе.