Рэчыца: раённы антыфашысцкі форум, падручнікі і беларускі failed state
Вітаўт Іллін
22.11.2023
>
У сярэдзіне лістапада ў Рэчыцы прайшло мерапрыемства,
якое з лёгкай рукі чыноўнікаў, якія яго арганізавалі, атрымала гучную назву «Раённы
антыфашысцкі форум». Прысвечанае яно было падзеям Другой сусветнай вайны.
У будынак мясцовага
Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі па разнарадцы зноў нагналі студэнтаў і
шкаляроў, каб тыя замест лекцый і практычных занятках у сваіх будучых прафесіях
паслухалі выступы нейкіх асобаў, ніводны з якіх той вайны і ў вочы ніколі не
бачыў.
Але магчыма, і не
зусім замест лекцый. Адным з галоўных выступоўцаў там быў так званы пракурор Рэчыцкага раёна Нікалай Беларусаў. Здавалася б, якое
ўвогуле мае дачыненне пракурор да падобных мерапрыемстваў? Але яго з’яўленне
там абсалютна невыпадкова.
Як
вядома, 14 лістапада гэтага года Генеральная пракуратура разам з Міністэрствам
адукацыі прэзентавалі дапаможнік для школ. Цяпер з 1 па 11 класы беларускія
дзеці будуць вывучаць новую дэсцыпліну пад назвай «Генацыд беларускага народа».
Дапаможнік
гэты прысвечаны падзеям Другой сусветнай вайны. Пры гэтым пад генацыдам улады
разумеюць выключна вынішчэнне беларусаў нямецкімі акупацыйнымі войскамі ды
калабаранцкімі з імі фармаваннямі. Масавыя палітычныя рэпрэсіі беларусаў, калі
камуністы нават не хавалі тое, што знішчалі насельніцтва проста «як клас», дэпартацыі,
продразвёрсткі, якія забіралі ў руплівых беларусаў апошнюю ежу, у так званы
генацыд беларускага народу пракурорамі і іхнімі памагатымі не ўключаюцца.
Ужо
на самым пачатку згаданай кніжкі да чытачоў звяртаецца «галоўны гісторык»
краіны. Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што «чума нацызму здабыла паслядоўнікаў
сярод наймітаў, здраднікаў і злачынцаў». Каго мае на ўвазе самаабвешчаны
прэзідэнт, здагадацца не цяжка. Фантомныя болі 2020 года нікуды не зніклі і
працягваюць моцна ўплываць на палітыку дзяржавы ўнутры краіны.
Таму
абсалютна не дзіўным выглядае запрашэнне пракурора на падобнае «патрыятычна-асветніцкае»
мерапрыемства.
З
аднаго боку, гэта ўсё выглядае страшна. Вы толькі ўдумайцеся, у якой яшчэ
краіне Міністэрства адукацыі будзе пісаць падручнікі разам з пракуратурай? Па
факце, беларуская сістэма адукацыі прабіла максімальнае дно. Дэградацыя
дасягнула свайго пікавага ўзроўню.
Аднак
трэба разумець, што ў сённяшняй Беларусі ўся праца дзяржаўных органаў накіравана
толькі на адну мэту – захаванне ўлады Лукашэнкам. І галоўную скрыпку тут граюць
якраз рэпрэсіўныя органы: пракуратура, міліцыя і падобныя. Усе астатнія
дзяржаўныя інстытуцыі – толькі малапатрэбная рэшта, задача якіх абслугоўванне
рэпрэсіўнай машыны ў той ці іншай форме.
Але
з іншага боку, уся гэтая мітусня вакол тэмы «генацыду» і Другой Сусветнай вайны
паказвае абсалютную ідэалагічную пустэчу лукашэнкаўскай мадэлі дзяржавы. Гэтыя
людзі як насіліся з ВАВ і партызанамі 40 гадоў таму, так і носяцца з імі зараз.
Ім нават у голаву не прыходзіць, што пакаленню, якое вырасла на фільмах MARWELL, проста не цікава вось гэта ўсё,
сучасная моладзь і стваральнікі «дапаможнікаў» проста жывуць у розных
вымярэннях.
А
можа, і прыспешнікам нелегальнага дзяржапарату проста надта хочацца выслужыцца перад
тымі, хто гвалтам утрымлівае ўладу ў Беларусі, стварыць добрую карцінку для
кіраўніцтва? Прыкарытнікі і прыстасавнцы існуюць на ўсіх узроўнях. Татальная
прафанацыя і пыл у вочы зараз разглядаюцца як галоўныя мэты існавання
дзяржустановаў.