Беларускія «суботнікі» – новая панчшына?

Вітаўт Іллін 28.10.2023

>

28 кастрычніка 2023 г. у Гомельскай вобласці праводзіцца так званы абласны суботнік, у якім бяруць удзел арганізацыі, размешчаныя на тэрыторыі вобласці.

Прымаць удзел у абласным суботніку будуць на працоўных месцах або выконваць работы па добраўпарадкаванні ў рамках стварэння і ўстаноўкі памятнага знака, прысвечанага ахвярам генацыду беларускага народа, на плошчы Паўстання ў г.Гомелі. Такое паведамленне з’явілася нядаўна на сайце Гомельскага абласнога выканаўчага камітэту.

У лукашэнкаўскай Беларусі ўсё больш зрабілася модна ладзіць суботнікі, прысвечаныя якім-небудзь «чырвоным» датам у календары. Гэтым разам чыноўнікі вырашылі арганізаваць чарговую такую падзею дзеля быццам бы даволі карыснай рэчы – рэканструкцыі Плошчы Паўстання ў Гомлі. Справа, канешне, добрая, але ўзнікае пытанне: чаму на гэтую справу немагчыма выдаткаваць  грошы наўпрост з абласнога ці гарадскога бюджэту, як гэта робіцца ў большасці развітых краінаў? Чаму дзеля гэтага трэба пазбаўляць людзей іх законнага выхаднога дня?

Ні для каго не сэкрэт, што рэальныя заробкі ў краіне падаюць, цэны растуць, сацыяльная сфера па ўсіх напрамках імкліва нясецца ў прорву, але грошы чыноўнікам патрэбны толькі для «ўстаноўкі памятнага знака, прысвечанага ахвярам генацыду беларускага народа».

Адказ на ўсе гэтыя пытанні відавочны. Грошай у вобласці, як і па ўсёй краіне, няма амаль ні на што, а выслужвацца перад гаспадаром, імітаваць нібыта актыўную дзейнасць вялізнай чыноўніцкай арміі трэба. А што для гэтага падыходзіць найлепш? Канешне, чарговы папулізм з незразумела каму патрэбным чарговым помнікам. І абавязкова трэба прыгадаць той аднабокавы «генацыд беларускага народа», якога такім ва ўсім свеце лічаць выключна лукашэнкаўскія прыспешнікі

У такім разе галоўнаму начальніку адразу стане бачна, што на Гомельшчыне нешта робіцца, людзі пры справе, кожны на сваім мейсцы. Асабліва, калі ўсе работы будуць зроблены рукамі простых беларусаў, аб якіх, вядома ж, так клапоцяцца нашыя чыноўнікі. А калі яшчэ і задарма, то ўвогуле шыкоўна, за такое можна і прэмію атрымаць. Застаецца толькі чакаць, калі такая практыка ператворыцца на звычайную паншчыну, дзе беларусы будуць большую частку тыдня працаваць на розных «суботніках». Тады нават і «чырвоныя» даты ў каляндары шукаць не трэба будзе. А ад кожнага такога дня можна будзе адлічваць «дзесяціну» на нейкі чарговы помнік.

Увогуле, з прававога пункту гледжання – выкарыстанне бясплатнай працы забаронена шэрагам міжнародных дамоваў і канвенцыяў, да якіх далучаная і Рэспубліка Беларусь. Яно магчыма толькі на дабраахвотных пачатках. І афіцыйная ўлада прадстаўле гэтыя суботнікі, як дабраахвотную дамавую працу. Але насамрэч, адмовіцца ад удзелу ў ёй практычна немагчыма, асабліва цяпер, калі любая нязгода з дзеяннямі ўлады цягне за сабой не толькі праблемы з пастаўленымі на ўсе прадпрыемствы і ў арганізацыі ідэолагамі, але і ўвагу з боку карных структураў і наступныя жорсткія рэпрэсіі.