Рэчыцкі «Скіф». Парыятычны цэнтр? Не! Праваднік «русского мира»!
Вітаўт Іллін
26.08.2023
>
На пачатку жніўня на
сайце рэчыцкай раённай газеты выйшаў артыкул, цалкам прысвечаны 25-годзю
дзейнасці мясцовага «ваенна-патрыятычнага цэнтра «Скіф». Артыкул поўны
хвалебных водгукаў як на адрас самога цэнтру, так і асабіста на адрас яго
стваральніка і кіраўніка Уладзіміра Габрова. Але, ці ёсць ў гэтым чалавеку
і ягонай дзейнасці хаця б нешта патрыятычнае датычна Беларусі?
Што з сябе уяўляе гэты цэнтр і які
«патрыятызм» укладаюць там у галовы рэчыцкіх юнакоў, разабрацца
немагчыма без таго, каб зразумець фігуру кіраўніка цээнтру Уладзіміра Габрова. Ён стаў шырока вядомым пасля таго, як падараваў
музею мясцовай гімназіі кувалду, якой баявікі сумнавядомага ПВК «Вагнэр» каралі сваіх былых таварышаў, што траплялі ва
ўкраінскі палон і потым былі абмененыя.
Яго старонка ў сацыяльнай сетцы «В контакте» поўна выявамі заснавальніка
НКВД Фелікса Дзяржынскага, крывавага дыктатара, які каля 30 гадоў кіраваў СССР,
Іосіфа Сталіна і цяперашняга кіраўніка Расіі Пуціна. Там адначасова можна
пабачыць і віншаванні з прыдуманым Лукашэнкам днём незалежнасці Беларусі, і віншаванні
з так званым «днём Расіі».
Выява са старонкі У. Габрова ў сацсетцы ВКонтакте.
Дзень незалежнасці паводле Габрова, вядома ж, 3 ліпеня. Як і для шматлікіх
іншых прыхільнікаў сённяшняй беларускай улады, гэты дзень для яго можа існаваць
толькі ў форме савецка-калгаснага свята з яго трактарамі, парадамі перамогі і
выступамі розных мілітарных арганізацыяў, арыентаваных альбо на настальгію па Савецкім
Саюзе, альбо на цяперашнюю расійскую агрэсіўна-ваенную рэчаіснасць. Зразумела,
што ніякай сапраўднай незалежнасцю там і не пахне, бо нічога сапраўды
беларускага там не чуваць і не відаць.
Для падобным яму людзей сапраўдная Радзіма – гэта Савецкі Саюз, увасоблены
ў вобразе сучаснай РФ.
Уладзімір Габроў на прарасійскім мерапрыемстве.
Дарэчы, Габроў увогуле даволі часты госць у Расіі. Некалькі раз на год ён
абавязкова намагаецца вывезці ў суседнюю краіну-агрэсарку сваіх падапечных –
беларускіх дзяцей і падлеткаў.
Не так даўно яны былі ў Бранскай вобласці, дзе бралі ўдзел ў так званым
фестывалі «Славянское единство». Пытанне, якое можа быць адзінства, калі адна
славянская краіна здзейсніла паўнамаштабнае ўзброенай ўварванне ў іншую, ажыццяўляе
масавыя абстрэлы балістычнымі і крылатымі ракетамі гарадоў і сёлаў у далёкім
тыле за сотні кіламетраў ад лініі фронту, забіваючы сотні дзяцей і тысячы
мірных жыхароў, відавочна, на тым фестывалі не абмяркоўвалася. Але вось што пра
гэтую падзею сказаў сам Уладзімір Габроў:
«Узялі мы ўдзел і ў фестывалі
сяброўства памежных раёнаў «Славянскае адзінства». Мы прадстаўлялі патрыятычны
блок, прадэманстравалі з дапамогай розных відаў форменнай вопраткі, у якіх
напрамках працуем, а таксама нашу тактычную тройку, экіпаваную з галавы да ног,
як спецназ, яе перамяшчэнне са зменай становішча, стралковых пазіцый, ужывання
сродкаў стральбы».
Заяўляючы сябе як беларускую патрыятычную арганізацыю, «Скіф» на самой
справе праз такія паездкі ўбівае ў галовы беларускіх юнакоў абсалютна
«рускамірныя» ідэі «трыадзінства славян», паводле якіх беларусы – гэта не
самастойны самадастатковы народ, а нейкая частка нейкага агульнага «славянскага»
народу, у які расійская прапаганда чамусьці ўключае толькі тры славянскія народы
з 18-ці. Гэта якраз тыя народы, якія Расія некалі захапіла і дагэтуль не хоча
адпускаць са сферы свайго ўплыву.
Актыўна дзейнічае арганізацыя Габрова і ўнутры Беларусі. Не маючы іншых
сродкаў для прыцягнення ўвагі моладзі, у Рэчыцы апошнім часам спрабуюць зрабіць
гэта праз вайскова-спартовыя мерапрыемсты, арганізатарам якіх і выступае цэнтр
Габрова.
Так, у чэрвені «Скіф» правёў у дзічячым лагеры імя Марата Казея конкурс,
які меў назву «Юны партызан». Супраць каго павінны былі навучыцца партызаніць
юныя беларусы, праўда, не удакладняецца.
Выява са старонкі У. Габрова ў сацсетцы ВКонтакте.
Лагер імя Казея належыць прадпрыемству «Беларуснафта», з кіраўніцтвам якога
ў Габрова апошнім часам склаліся добрыя адносіны. Так, у сакавіку-красавіку ён
правёў для супрацоўнікаў «Беларуснафты» шэраг мерапрыемстваў па тактычнай
медыцыне. Справа добрая, канечне. Але чаму яе не маглі правесці іншыя людзі –
тыя ж выратавальнікі, напрыклад, якім гэта трэба рабіць паводле прафесійных
абавязкаў і для якіх абучэнне цывільнага насельніцтва падобным навыкам ёсць
часткай іх непасрэднай работы?
Усё больш выглядае на то, рэчыцкія ідэолагі пачалі шчыльна выкарыстоўваць «Скіф»
ужо не толькі дзеля выхавання моладзі ў патрэбным ім накірунку, але і дзеля прасоўвання
прарасійскай прапаганды ў больш шырокім сэнсе. Бо інакш растлумачыць пастаяннае
мільганне «Скіфа» на мерапрыемствах, дзе прысутнасць яго дзеячоў абсалютна не
абавязковая, не атрымліваецца. А тое, што гэты цэнтр адкрыта падтрымлівае
антынацыянальную і па факце антыдзяржаўную ідэалогію, іх не палохае. Хаця,
давайце будзем казаць сумленна, у сённяшней лукашэнкаўскай дзяржаве ад Беларусі
засталася хіба што толькі назва.