Палонны ва Украіне найміт ПВК «Вагнер» з-пад Рэчыцы просіць Лукашэнку яго абмяняць, але толькі не праз Расію

Вітаўт ІЛЛІН 08.08.2023

>>

Некалькі дзён таму на ютуб-канале вядомага ўкраінскага блогера Валадымыра Золкіна выйшла інтэрв’ю з беларускім наймітам, які ваяваў ва Украіне на баку расійскіх акупантаў у складзе сумнавядомай ПВК «Вагнэр», але трапіў ва ўкраінскі палон. Ім аказаўся ўраджэнец вёскі Гарошкаў Рэчыцкага раёна Андрэй Герыловіч, які ў акупацыйных войсках меў пазыўны з назвай суседняй вёскі, цэнтру сельсавету «Заспа». Падчас гутаркі ён гаворыць даволі цікавыя рэчы, якія раскрываюць ягоныя погляды і тлумачаць матывацыю беларускіх наймітаў у складзе войскаў агрэсара.


Фота: скрыншот з відэа youtube.com/@VolodymyrZolkin

Андрй Герыловіч мае даволі стандартную для грамадзяяніна Беларусі, які ваюе на баку Расіі, біяграфію. Нейкі час служыў у лукашэнкаўскім войску, дзе атрымаў званне прапаршчыка. Хутчэй за ўсё, менавіта ў войску ён нахапаўся «рускамірскіх» ідэяў, якія пазней і прывялі яго на ва Украіну.

Ад самага пачатку размовы Герыловіч адразу ж пачынае трансляваць наратывы расійскай прапаганды ў дачыненні да Украіны. І пра падзел на Захад і Усход, які нібыта існуе ўнутры краіны, і пра моўнае пытанне, якое даўно ўсім набіла аскому.

У адказ вядоўца Дмытро Карпэнка, які сам нарадзіўся ў вёсцы Гарнастаеўка на самым памежжы ўкраінскай Чарнігаўшчыны і беларускай Гомельшчыны і добра ведае моўную сітуацыю, задаў пытанне, ці быў Герыловіч калі-небудзь ва Украіне. Выявілася, што палонны найміт шмат разоў быў ва Украіне – і ў Чарнігаве, і ў Адэсе, і ў Хмяльніцкім. Тады Карпэнка пацікавіўся, якою моваю ён там камунікаваў. Герыловіч адказаў, што адзінай мовай, якой ён там карыстаўся, была расійская. І аніводнага разу праблем на моўнай глебе у яго не ўзнікала. Гэта адбывалася нават пасля 2014 года, калі, паводле запэўніванняў расійскіх і беларускіх прапагандыстаў, уладу ва Украіне захапілі крыважэрныя «нацысты-бандэраўцы», якія палалі лютай нянавісцю да расійскай мовы і ўсяго расійскага ўвогуле. Праўда, Герыловіча чамусьці ніхто з іх нават пальцам не крануў.

Фота: скрыншот з відэа youtube.com/@VolodymyrZolkin

На пытанне аб стаўленні беларусаў да вайны Герыловіч адказаў, што прыблізна 90% ягоных знаёмых падтрымлівалі Расію. Тут няма нічога дзіўнага. У чалавека з такімі поглядамі і не магло быць іншых знаёмых. Іншыя б наўпрост адмовіліся стасавацца з такім знаёмцам.

Цікавымі выглядалі яго разважанні аб прыхільнікаў розных бакоў, што ваююць ва Украіне, паводле канфесійнага падзелу. Ён кажа, што паводле яго суб’ектыўных назіранняў, амаль 100% беларускіх каталікоў падтрымлівае Украіну. Сярод праваслаўных сітуацыя, паводле яго словаў, не настолькі адназначная. Там большасць на баку краіны-агрэсара. Пры гэтым вядоўца ўдакладніў пра якіх праваслаўных ідзе гаворка (ва Украіне зараз афіцыйна дзейнічаюць дзве праваслаўныя цэрквы – ПЦУ Сусветнага патрыярхату і УПЦ Маскоўскага патрыярхату – ПВ) і Герыловіч адказаў, што ўсе праваслаўныя цэрквы ў Беларусі належаць да Маскўскага патрыярхату. Для Дмытра Карпэнкі гэта шмат чаго патлумачыла. А Герыловіч звязаў падтрымку каталікамі Украіны з тым, што нібыта ўсе каталіцкія ксяндзы ў Беларусі маюць польскае паходжанне. Але гэта зусім не так. Сярод святароў Рыма-Каталіцкага Касцёлу ў нашай краіне шмат этнічных беларусаў.

Далей інтэрв’ю павольна перайшло на ўнутрыбеларускую палітыку. Тое што Лукашэнка ў вачах Герыловіча з’яўляецца найлепшым палітыкам ў гісторыі Беларусі, побач з якім ніхто нават і не стаяў, не здзівіла. А вось яго расповяд пра апанентаў беларускага дыктатара аддае тэорыямі змовы і звычайным трызненнем. Так, з яго слоў вынкае, што ўсе кантыдаты на выбарах прэзідэнта – акрамя Лукашэнкі, зразумела – з’яўляліся ў краіне з Заходняй Еўропы прыблізна за год да выбараў з грашыма, атрыманымі ад заходніх краінаў, якія праглі падмяць пад сябе «астравок стабільнасці». А пасля выбараў адразу з’яджалі назад. Некалькі разоў там прагучала прозвішча сёняшняга палітвязня Міколы Статкевіча. Але любому чалавеку, які хоць мінімальна арынтуецца ў айчыннай палітыцы, добра вядома, што Мікола Статкевіч не толькі ніколі не з’яджаў на працяглы час з Беларусі, а нават адмаўляўся ад прапанаванай яму магчымасці эміграцыі пасля выбараў 2010 года.

Увогуле ў Герыловіча ў галаве тая яшчэ мешаніна. З аднаго боку ён кажа, што Расія самая блізкая нам краіна, а расійцы братэрскі народ. А з іншага прызнае, што кіраўніцтва гэтай «братэрскай» краіны часта вельмі непрыгожа дзейнічае ў дачыненні да Беларусі, выкарыстоўваючы газавы і нафтавы шантаж.

Але падобныя крытычныя думкі зусім не перашкодзілі яму ўступіць-такі ў склад ПВК «Вагнэр» і паехаць ва Украіну, забіваць украінцаў, рабураць украінскія гарады і сёлы, каб захапіць тэрыторыі для Расіі.

Аповед пра яго службу Герыловіча ў прыватнай ваеннай камапніі «Вагнэр» пацвярджае нялудскасць гэтых баевікоў. Амаль адразу пасля падпісання кантракту ўсё пайшло не так, як Герыловіч разлічваў. Замест абяцанай паводле кантракту афрыканскай Малі і нафтавых вышак, якія ён збіраўся ахоўваць, ён трапляе ў акоп на самым перадку на тэрыторыі Украіны, дзе вымушаны ваяваць разам з расійскімі зэкамі. Паводле ягоных словаў, забойцы і гвалтаўнікі аказаліся не надта добрымі ваякамі на сапраўднай вайне. За 4 месяцы ён 6 разоў змяніў баявы разлік. Астатніх наймітаў, хто прыехаў з ім з «вучэбкі» ў Краснадарскім краі Расіі, абаронцы Украіны паспяхова знішчылі.

Праз 4 месяцы ён паспрабаваў нагадаць сваім камандзірам ад «Вагнэра» аб хуткім заканчэнні кантракту, але атрымаў адказ, што тэрмін кантракту – не яго справа, і ваяваць ён будзе, столькі, колькі яны захочуць. Калі ён спрабаваў настойваць, на тым, што за два дні да заканчэння кантракту ён не пойдзе на штурм, каб там загінуць, то быў прывезны ў падвал, там моцна збіты і ў выніку зноў апынуўся на перадавой. Зразумеўшы, што адзіны вынік, які яго чакае, гэта смерць, ён вырашыў здацца ўкраінцам.

Менавіта там, знаходзячыся ў палоне, ён упершыню змог нармальна стэлефанавацца з роднымі. Да таго такой магчымасці ў яго амаль не было. У зэкаў і парадкі турэмныя. За 4 месяцы ён толькі тры разы змог патэлефанаваць жонцы. Пры гэтым, сказаць ён меў права далёка не ўсё – размовы кантраляваліся. Жонка да самага палону не ведала, што ён не ў Афрыцы на нафтавых свідравінах, а на сапраўднай вайне ва Украіне.

Падчас інтэрв’ю Герыловіч яшчэ раз патэлефанаваў дадому. Яго размова з жонкай яскрава прадэманстравала гледачам інтэрв’ю характэрныя рысы лукашэнкаўскай дыктатуры. Тое, што і так даўно не было сэкрэтам, добра выявілася ў размове людзей, якія гэтую дыктатуру падтрымліваюць. Пабудаваная дыктатарам сістэма трымаецца толькі на хлусні і страху.

Фота: скрыншот з відэа youtube.com/@VolodymyrZolkin

Спрабуючы даведацца пра месцазнаходжанне свайго мужа, жонка Герыловіча звярнулася ў Беларускі Чырвоны крыж, дзе яе запэўнілі, што яго даўно няма ва Украіне. Як высветлілася падчас тэлефоннай размовы, да жонкі Герыловіча пасля першага відэа, запісанага падчас ягонага траплення ў палон, прыходзілі супрацоўнікі беларускага КГБ, якія спрабавалі запалохаць жанчыну, пагражаючы ёй турэмным тэрмінам. На некаторыя пытанні Дмытра Карпэнкі жонка вагнэраўца літаральна прасіла: «Калі ласка, не пытайце ў мяне пра гэта», намякаючы, што за адказы на такія пытанні ёй пагражае крымінальны пераслед.    

Вішанкай жа на торце гэтага інтэрв’ю стала парада Герыловічу ад жонкі дабівацца абмену ўсімі сродкамі. Нават калі ў выніку ён трапіць на тэрыторыю РФ. Такая прапанова энтузіязму ў яго не выклікала. Наадварот, сама думка аб тым, што ён можа трапіць ў турму ў Расіі выклікала ў яго відавочны страх. І яго можна зразумець. Усім добра вядома, як паступаюць «вагнэраўцы» з людзьмі, якія адмовіліся ваяваць і дабраахвотна здаліся ў палон.

Увогуле, калі ён даведаўся, што тысячы баевікоў «Вагнэра» на запрашэнне Лукашэнкі знаходзяцца зараз у Беларусі, то, хоць ён і не сказаў тое ўголас, адмоўная рэакцыя на гэту навіну добра чыталася на ягоным твары. Адной з апошніх фразаў якую прамовіў Герыловіч, лічачы, што камера ўжо выключаная, стала фраза «Гэтае інтэрв’ю – гэта смяротны прысуд».

Фота: скрыншот з відэа youtube.com/@VolodymyrZolkin

Праз некалькі дзён Андрэй Герыловіч зноў з’явіўся на канале Валадымыра Золкіна ў якасці ўдзельніка яшчэ аднаго інтэрв’ю. Гэтым разам сумеснага з іншым палонным беларускага паходжання Максімам Зязюльчыкам, які таксама спрабаваў акупаваць Украіну, але ў складзе іншай ПВК – «Рэдут», а таксама двума ваярамі беларускага дабраахвотніцкага падраздзялення ў складзе Узброеных сіл Украіны – Палка імя Кастуся Каліноўскага.

Гэтае інтэрв’ю скончылася зваротам палонных да Лукашэнкі. Прамаўляў спачатку Ззюльчык. Ён прасіў Лукашэнку «не кідаць сваіх» і арганізаваць абмен яго самога і Герыловіча альбо на беларусаў са складу Палка Каліноўскага, якія знаходзяцца ў расійскім палоне (26 чэрвеня мінулага года ў палон да расійцаў трапілі двое беларусаў – Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў, тады расійцы распаўсюдзілі відэа з імі, але пра іх далейшы лёс вось ужо больш за год зусім нічога не вядомаПВ), альбо на палітвязняў, якіх рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае ў вязніцах Беларусі.

Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч. Фота: скрыншот з відэа youtube.com/@VolodymyrZolkin

Пры гэтым Зязюльчык прасіў Лукашэнку абмяняць іх хоць куды – хоць у Расію, хоць у Беларусь. Але тут мікрафон узяў Герыловіч і заявіў, што, калі абмен будзе ў Расію, то ён адмаўляецца ад такога абмену і лічыць за лепшае заставацца ва ўкраінскіх месцах зняволення.