У Рэчыцы ўлады арганізавалі выкарыстнне прымусовай неаплатнай працы жыхароў раёну

Вітаўт Іллін 11.04.2023

>>>

У выходны дзень – суботу 8 красавіка, супрацоўнікаў розных установаў і прадпрыемстваў Рэчыцкага раёну прымусілі без аплаты выконваць работы, на якія ў бюджэце раёна павінны быць прадугледжаныя сродкі ад падаткаў ды іншых выплат, якія робяць грамадзяне.

Менавіта, паводле фотасправаздачы мясцовай дзяржаўнай газеты «Дняровец», адмыслоўцы ў розных сферах эканомікі выконвалі некваліфікаваную працу ў ачыстцы камунальных тэрыторыяў, абрэзцы дрэваў, прыбіранні вулічнага смецця і падобныя. Такія работы для супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў у Беларусі праводзяцца рэгулярна, адмовіцца ад іх – гэта амаль гарантавана пазбавіцца працоўнага месца на гэтым прадпрыемстве альбо ва ўстанове. Называюць такую прымусовую і бясплатную працу прыспешнікі лукашэнкавага рэжыму словам з савецкай мінуўшчыны «субботник».

Пры гэтым, на асноўных месцах працы людзей, якія прыбіралі гарады і вёскі, налічваюць заробак нібыта за выкананне імі сваіх службовых абавязкаў. Але гэты заробак супрацоўнікам не выплочваюць, а нібыта пералічваюць безнаяўным спосабам у той самы бюджэт, які павінен фінасаваць выкананыя насамрэч у выхадны дзень работы ды іншыя патрэбы тэрыторыяў, якімі кіруюць прызначаныя асабіста Лукашэнкам старшыні выканкамаў.


Як паведамляюць дзяржаўныя прапагандысты газеты «Дняповец», грошы, якія налічылі за невыкананую работу на сваіх прадпрыемствах супрацоўнікам, што ў гэты дзень грэблі леташняе лісце і мялі вуліцы, накіруюць на добраўпарадкаванне пахаваня ахвяраў Другой Сусветнай вайны ў вёсцы Першамайск. Чаму гэтае пахаванне ў так званы «год гістарычнай памяці» засталося недобраўпарадкаваным і патрабуе такой заблытанай схемы фінансавання, прапагандысты не ўдакладняюць.  

У беларускай культуры прысутнічае і добра развітая традыцыя супольнага выканання нейкай работы, якая патрэбна ўсё грамадзе, альбо якую не можа выканаць адзін нейкі гаспадар. Нашыя людзі такім чынам будавалі масты, млыны, якімі потым сумесна карысталіся, а часам і ставілі хаты тым, хто меў змогі збудавацца сам. І называлася такая праца нашым спрадвечным словам «талака».

Але ў дзяржаўных адміністрацыях ёсць адмыслова прызначаныя для добраўпарадкавання тэрыторыяў населеных пунктаў камунальныя прадпрыемствы, якія мусяць атрымліваць на свае патрэбы фінансаванне праз дзяржаўную фінансавую сістэму. Выкарыстанне ж для гэтых патрэбаў фактычна бясплатнай працы, ад якой супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў не могуць адмовіцца, праваабаронцы расцэньваюць як выкарыстанне пымусовай працы, забароненае міжнародным правам аб правах чалавека.

22 красавіка так званыя «субботники» плануецца правесці ва ўсёй Беларусі, а тое, што налічаць супрацоўнікам на іх асноўных месцах працы, накіруюць на добраўпарадкаванне мемарыялаў, у тым ліку на месцы канцлагеру «Азарычы» ў Каленкавіцкім раёне.