Беларускі праваабаронца, выхадзец з Гомельшчыны Алесь Бяляцкі абвешчаны лаўрэатам Нобелеўскай прэміі
Цімур Казачэнка
08.10.2022
>
7 кастрычніка Нобелеўскі камітэт абвясціў аб прысуджэнні
Нобелеўскай прэміі міру 2022 года. Сярод лаўрэатаў – беларускі праваабаронца Алесь
Бяляцкі, выхадзец з Гомельшчыны. Ён закончыў школу ў Светлагорску і ўніверсітэт
у Гомелі, а працаваць пачынаў у Лельчыцкім раёне.
Алесь БЯЛЯЦКІ.
Алесь
Бяляцкі нарадзіўся ў 1962 г.
у пасёлку гарадскога тыпу Вяртсіля Сартавальскага раёну Карэльскай АССР (РСФСР),
у беларускай сям’і, якая выехала туды на працу. Яго бацька быў родам з
Рагачоўскага, а маці – з Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці.
У 1965 г. сям’я вернулася ў Беларусь на сталае
жыхарства ў Светлагорск. Тут будучы нобелеўскі лаўрэат закончыў сярэднюю школу
№ 5.
Алесь БЯЛЯЦКІ (з правага боку) каля школы № 5 г.
Светлагорска ў час навучання ў 9 «Б» ці 10 «Б» кл. (1978 ці 1979 г.). Фота ў
адкрытым доступе публікуецца ўпершыню.
Затым Алесь
Бяляцкі скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага
ўніверсітэта па спецыяльнасці «беларуская
і расійская мовы і літаратуры» і атрымаў кваліфікацыю філолага, выкладчыка
беларускай і расійскай моў і літаратур. Пасля заканчэння ўніверсітэта некаторы
час працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
У далейшым закончыў аспірантуру Інстытута
літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук БССР, працаваў малодшым навуковым
супрацоўнікам, а затым дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску,
быў дэпутатам Мінскага гарадскога Савета.
З 1996 г. займаецца праваабарончай дзейнасцю.
З’яўляецца заснавальнікам і кіраўніком рэспубліканскага грамадскага аб’яднання
«Праваабарончы цэнтр «Вясна». У 2003 г. беларускія ўлады пазбавілі гэтую
арганізацыю дзяржаўнай рэгістрацыі, аднак праваабаронцы працягвалі працаваць. У
2011 – 2014 г. Алесь Бяляцкі
знаходзіўся ў зняволенні за «нясплату падаткаў» з банкаўскіх рахункаў, якія
былі аформлены на яго імя (насамрэч
грошы выкарыстоўваліся на праваабарончую дзейнасць «Вясны»).
14 ліпеня 2021 г. ён быў зноў затрыманы і з
таго часу разам з некалькімі іншымі праваабаронцамі ўтрымліваецца ў СІЗА ў
крымінальнай справе паводле часткі 2 артыкула 243 «Ухіленне ад сплаты падаткаў»
(якія немагчыма было сплаціць, паколькі «Вясна» пазбаўлена рэгістрацыі) і
часткі 1 артыкула 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць
грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» Крымінальнага кодэкса.
Рашэнне аб прысуджэнні Нобелеўскай прэміі міру
было абвешчанае 7 кастрычніка. Разам з Алесем
Беляцкім лаўрэатамі прэміі сталі расійскі праваабарончы цэнтр «Мемарыял» і
украінская праваабарончая арганізацыя «Цэнтр грамадзянскіх свабод».
Нобелеўскія прэміі, у тым ліку прэмія міру, прысуджаюцца
штогод з 1901 года. Лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру былі, у прыватнасці,
прэзідэнты ЗША Тэадор Рузвельт (1906
г.), Томас Вільсан (1919) і Барак Абама (2009), а таксама прэзідэнты:
Егіпту – Анвар Садат (1978),
Коста-Рыкі – Оскар Санчэс (1987), СССР
– Міхаіл Гарбачоў (1990),
Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (ПАР) – Фрэдэрык
дэ Клерк, Рэспублікі Карэя – Кім Дэ
Джун, Калумбіі – Хуан Сантас
(2016). У 1983 г. гэтую прэмію атрымаў будучы прэзідэнт Польшчы Лех Валенса, у 1993 – будучы прэзідэнт
ПАР Нэльсан Мандэла, у 1994 – будучы
прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс, у
1996 – будучы прэзідэнт Усходняга Тымору Жазэ
Рамуш-Орта, у 2002 – былы прэзідэнт ЗША Джымі Картар, у 2008 – былы прэзідэнт Фінляндыі Марці Ахцісаары.
Алесь
Бяляцкі – другі ў гісторыі
нобелеўскі лаўрэат – грамадзянін Беларусі, пасля пісьменніцы Святланы Алексіевіч, якая ў 2015 г.
атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры.
Акрамя таго, яшчэ 4 лаўрэаты Нобелеўскіх
прэмій з’яўляюцца ўраджэнцамі Беларусі: амерыканскі вучоны-эканаміст Сайман Кузнец (прэмія па эканоміцы,
1971), прэмьер-міністр Ізраіля Менахем
Бегін (прэмія міру, 1978), ізраільскі дзяржаўны дзеяч Шымон Перэс (прэмія міру, 1994) і расійскі вучоны-фізік Жарэс Алфёраў (прэмія па фізіцы, 2000).