Ва Украіне выхадца з Рэчыцы абвінавачваюць ва ўдзеле ў забойстве сям’і старасты сяла Матыжын пад Кіевам
Палеская Вясна
26.05.2022
Кіеўская
абласная пракуратура і Кіева-Святошынская акруговая пракуратура ідэнтыфікавалі
вайскоўцаў расійскіх акупацыйных войскаў, датычных да катаванняў да смерці
старасты сяла Матыжын Кіеўскай вобласці Вольгі Сухенкі, яе мужа Ігара і сына
Аляксандра.
Генеральная пракурорка Украіны Ірына Венедзіктава паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку прозвішчы ідэнтыфікаваных удзельнікаў
расійскіх войскаў, якія спрычыніліся за зверстваў у Матыжыне. Гэта пяцёра вайскоўцаў рэгулярнай арміі Расіі
ў званнях ад старшага лейтэнанта да сержанта, а таксама трое вайскоўцаў
прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер». Сярод апошніх і рэчычанін.
Сяргей САЗАНАЎ.
Былы супрацоўнік Рэчыцкага РАУС Сяргей Сазанаў, якога шматкроць усхваляла мясцовая дзяржаўная газета
«Дняпровец», у 2015 годзе
быў звольнены з міліцыі за ўжыванне наркотыкаў. Тады ж падчас расійскага
ўварвання ва Украіну ён паехаў ваяваць супраць нашай паўднёвай суседкі на баку краіны-агрэсара.
Пазней перайшоў у прыватную кампанію «Вагнер».
У Рэчыцы Сазанаў працаваў старшым участковым інспектарам
міліцыі ў апошнім званні маёра. У РАУС ён лічыўся на добрым рахунку да таго
часу пакуль не выкрылася ягоная наркатычная залежнасць.
Паводле ўкраінскага сайту Миротворец, пазней ён быў
расійскім наймітам, пазаштаным супрацоўнікам галоўнага ўпраўлення генеральнага
штабу Расійскай Федэрацыі, а потым наймітам прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер».
Удзельнічаў у вайсковых дзеяннях у Сірыі, дзе патрапіў пад удар арміі ЗША.
Пасля гэтага ён вярнуўся ваяваць ва Украіну зноў і браў удзел у складзе
ўзброеных фармаванняў «Прага» ды «Грызлі» з пазыўным Рой.
На поўнач Украіны ён увайшоў у складзе расійскіх
акупацыйных войскаў, што ўварваліся туды 24 лютага 2022 года з тэрыторыі
Беларусі. Украінскія праваахоўныя органы ўстанавілі ягоную спрычыненасць да катаванняў
і забойстваў мірных жыхароў Кіеўскай вобласці ў сакавіку гэтага года. У ліку
забітых пры ўдзеле Сазанава, паводле абвінавачвання ўкраінскай пракуратуры,
была і сям’я старасты сяла Матыжын Вольгі
Сухенкі.
Вольга, Аляксандр і Ігар СУХЕНКІ.
Следствам высветлена, што 23 сакавіка 2022 года расійскія
вайскоўцы і найміты фармаванняў, якія ўдзельнічалі ў расійскай акупацыі
ўкраінскіх тэрыторыяў, выкралі з уласнага дома старасту сяла Матыжын Вольгу
Сухенка, яе мужа і сына. 26 сакавіка Офіс генпракурора Украіны паведаміў, што з
нагоды выкрадання старасты сяла і яе сям’і распачатае крымінальнае
расследаванне.
Цела Вольгі СУХЕНКІ і яе сына Аляксандра, знойдзеныя пасля вызвалення Кіеўшчыны ад расійцаў.
2 красавіка, пасля вызвалення тэрыторыі Кіеўшчыны ад
акупантаў, целы Вольгі Сухенкі і яе сына Аляксандра былі знойдзеныя ў агульным
пахаванні закатаваных і забітых людзей, а цела мужа Вольгі Ігара знайшлі ў
каналізацыйным калодзежы. Вядома, што Вольга Сухенка і яе муж і сын дапамагалі
жыхарам сяла і да апошняга верылі ў тое, што расійцы не будуць ужываць зброю да
мірных жыхароў. Вось, што распавядала нявестка Вольгі Сухенкі Дар’я Беляніцына пра свайго мужа:
«Сашко сказаў, што не баіцца іх і
годна вёў з імі дыялог. Яны падаліся яму чалавечнымі. Пакуль 23 сакавіка яны не
прыехалі па ягоных бацькоў. Паабяцалі, што вернуць іх жывымі. Але яны вярнуліся
зноў і забралі майго Сашка. З таго дня мы не ведалі дзе яны і як яны».
Следства высветліла, што ў месцы свайго базавання акупанты катавалі Вольгу,
Ігара і Аляксандра Сухенкаў, выбіваючы інфармацыю аб Узброеных сілах Украіны і
тэрабароне. Проста на вачах маці яны спачатку прастрэлілі нагу сыну, а потым
забілі яго стрэлам у галаву. Уся сям’я загінула ад шматлікіх агнястрэльных
параненняў.
Сяргею
Сазанаву ў ліку іншых расійскіх зхопнікаў ва Украіне завочна вылучана
абвінавачванне ў
парушэнні законаў і звычаяў вайны, злучанаму з наўмысным забойствам (часткі 1 і
2 арт. 438 Крымінальнага кодэкса Украіны).