21 траўня – дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі. Падтрымайма палітычных зняволеных!
Палеская Вясна
20.05.2022
Праваабрончым
цэнтрам «Вясна» вырашана адсёлета
ладзіць дзень палітвязня 21 траўня. У гэты дзень год таму ў Шклоўскай калоніі
пры невысветленых дагэтуль абставінах памёр палітычны зняволены, вядомы
актывіст Вітольд Ашурак.
Зараз у Беларусі 1204 палітычных
зняволеных – людзей, якіх улады трымаюць за кратамі за тое, што яны мірнымі прававымі
спосабамі спрабавалі змяніць палітычнае жыццё ў Беларусі – ўдзельнічалі ў
мірных сходах, выказвалі свае меркаванні, збіралі і распаўсюджвалі інфармацыю. Так
званыя суды над многімі палітвязнямі праходзілі ў закрытым ад грамадства
рэжыме, што сведчыць пра тое, што ва ўладаў не было доказаў вінаватасці гэтых
людзей нават паводле ўведзеных прыспешнікамі Лукашэнкі законаў.
Былая палітзняволеная - журналістка Кацярына Барысевіч па выхадзе з Гомельскай жаночай калоніі №4.
У месцах зняволення да людзей, якіх кінулі за краты за палітычную барацьбу,
асабліва жорсткае стаўленне. На ўзор лагераў НКВД ці нацысцкіх канцлагераў, іх
прымушаюць мацаваць на адзенні і спальным месцы адмысловыя біркі жоўтага
колеру, што мае быць сігналам да асаблівага стаўлення да такога вязня для
кожнага супрацоўніка карнага апарату. У выніку вязняў з жоўтымі біркамі прымушаюць
па некалькі разоў на дзень дакладваць свае імя, прозвішча, артыкул
Крымінальнага кодэкса, за які зняволены, даты пачатку і сканчэння тэрміна. Іх
нашмат часцей абшукваюць. А за любую правіну ці невыкананне ўсталяваных карнікамі
правілаў такіх зняволеных змяшчаюць у штрафныя ізалятары альбо карцары.
Праваабаронцы і грамадства перадавых краінаў свету патрабуюць ад уладаў
Беларусі вызваліць усіх палітычных зняволеных. Але лукашэнкаўскі дзяржапарат не
рэагуе нагэтыя патрабаванні.
І дзень палітвязня закліканы звярнуць яшчэ большую ўвагу на лёсы палітычных
зняволеных. Таму праваабаронцы заклікаюць усіх неабыякавых людзей далучацца да
гэтага. Яны прапануюць тым, хто знаходзіцца не ў Беларусі, узяць удзел у
акцыях, якія адбудуцца заўтра, 21 траўня ў Вільні, Батумі, Варшаве, Тэль-Авіве,
Празе, Кракаве, Эдынбургу.
Таксама ўсім можна напісаць у сацсетках сваю гісторыю знаёмства з
палітвязнем пад хэштэгам #МойСябраПалітвязень,
альбо прышчапіць да адзення жоўтую бірку палітвязня. Можна напісаць адкрыты ліст-пост
з хэштэгам #свабодупалітвязням. Але
найбольш хацелася б, каб людзі далучыліся да напісання лістоў і паштовак
палітвязням ды дапамогі іхнім сем’ям. Тым, хто знаходзіцца Беларусі можна
проста абраць людзей са спісу
на сайце Праваабарончага цэнтру «Вясна» і напісаць і адправіць ім ліст або
паштоўку. Тыя ж, хто знаходзіцца за межамі Беларусі могуць ускарыстацца
дапамогай Майстэрні
паштовак салідарнасці, каб іхняя вестачка дайшла да палітычнага зняволенага
ў вязніцах Беларусі і надала тым, хто церпіць за лепшую долю, натхнення і
ўпэўненасці ў тым, што іхні лёс неабыякавы беларусам.