У Мазыры памёр каардынатар Народнай Грамады Уладзімір Неўмяржыцкі
Палеская Вясна
14.02.2022
13 студзеня 2022
года не стала аднаго з самых неабыякавых жыхароў Мазыра, удзельніка шматлікіх
мірных акцыяў за правы чалавека, супраць паглынання Беларусі Расіяй, супраць
фальсіфікацыяў выбараў і гвалту карных органаў над беларусамі Уладзіміра
Неўмяржыцкага.
Уладзімір
Неўмяржыцкі быў каардынатарам партыі Мікалая Статкевіча Народная Грамада ў Гомельскай вобласці. Ён шмат рабіў для развіцця дэмакратычнага руху
на Гомельшчыне. За гэта прыслужнікі дыктатарскага рэжыму яго шматкроць судзілі.
Уладзімір НЕЎМЯРЖЫЦКІ на мітынгу разам з палітвязнем Мікалаем СТАТКЕВІЧАМ. (Фота: svaboda.org)
« Я адкрыта выказваў свой мірны пратэст супраць незаконна
навязанай Беларусі інтэграцыі з Расеяй, якая, імаверна, можа завяршыцца стратай
суверэнітэту. У мяне на гэта ёсць гарантаванае Канстытуцыяй права», - казаў Уладзімір
Неўмяржыцкі прызначанаму Лукашэнкам на пасаду суддзі Дзмітрыю Мазаю ў студзені
2020 года, калі той караў яго за выступ у Менску супраць планаў Лукашэнкі і
Пуціна на аб’яднанне нашай краіны з суседняй.
У перадвыбарчай кампаніі 2020 года Уладзімір Неўмяржыцкі быў даверанай асобай Святланы Ціханоўскай, прадстаўляў сабраныя за вылучэнне Святланы кандыдыткай на прэзідэнта подпісы з некалькіх раёнаў Гомельшчыны ва ўладныя органы. Падчас мірных акцыяў пратэсту ўлетку, увосень і ўзімку 2020 года Уладзімір
Неўмяржыцкі таксама браў удзел у пратэстах, аказваў інфармацыйную падтрымку. І
за гэта зазнаваў пераслед з боку лукашэнкавых карнікаў.
16 лютага Уладзіміру Неўмяржыцкаму мелася споўніцца 52 гады.
У дэмакратычнай супольнасці Мазыра, Гомельшчыны і ўсёй Беларусі Уладзіміра
Неўмяржыцкага заўжды будуць памятаць, як добрага сябра і адданага змагара за
дэмакратыю, свабоду і незалежнасць Беларусі.