«Вы нават не ўяўляеце, наколькі гэта тут каштоўна». Жыхар Светлагорска атрымаў адказ ад палітвязня-вясноўца Уладзя Лабковіча

Палеская Вясна 18.10.2021

Яшчэ ў пачатку верасня некалькі жыхароў Светлагорска напісалі каля паўсотні лістоў палітвязням, што зняволеныя рэжымам Лукашэнкі. Зараз пачалі прыходзіць адказы.

Адзін з тых, хто пісаў палітвязню, юрысту Праваабрончага цэнтру «Вясна» Уладзіміру Лабковічу, днямі атрымаў адказ ад Уладзіміра, які той напісаў яшчэ 9 кастрычніка. У невялікай паштоўцы палітвязень дзякуе за словы падтрымкі.

«Вы нават не ўяўляеце, наколькі гэта тут каштоўна і радасна. Асабліва, як у мяне, калі вельмі мала лістоў прабіваецца сюды», - зазначае Уладзімір Лабковіч.


Ён таксама выказвае просьбу па магчымасці пісаць і іншым палітвязням.

«Я спрабую не думаць аб кепскім, хоць добрага тут не шмат. Чытаю. Спрабую пісаць і рабіць нататкі», - каротка распавядае пра свае заняткі за кратамі Уладь Лабковіч.  

22 кастрычніка Уладзь Лабковіч адзначыць свой дзень народзінаў. 43-годдзе ён вымушаны сустракаць за кратамі лукашысцкага рэжыму. Але яго можна павіншаваць, даслаўшы ліст або паштоўку на адрас:  СІЗА-1, 220030,   г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Лабковічу Уладзіміру Мікалаевічу