Жыхары Светлагорска напісалі больш за 400 паштовак палітвязням

Палеская Вясна 03.09.2021

Цягам апошніх некалькіх тыдняў многія неабыякавыя жыхары Светлагорска далучыліся да падтрымкі людзей, зняволеных уладамі з палітычных меркаванняў.


Больш за 400 паштовак накіравалі светлагорцы ў розныя вязніцы, дзе карныя органы ўтрымліваюць палітзняволеных. У сваіх паштоўках людзі падтрымліваюць палітвязняў, даюць зразумець, што іхняя ахвяра не марная і рух супраціву дыктатуры ў краіне не затух.

На жаль, пяць з адпраўленых лістоў вярнуліся назад. Прычынай пазначана тое, што «адрасат выбыў». Відавочна, карнікі пераводзяць сваіх вязняў з аднае ўстановы ў іншую, каб неабыякавым людзям і родзічам цяжэй было перадаваць перадачы і ліставацца з палітвязнямі.

Але апошнімі днямі светлагорцы пачалі атрымоўваць і адказы на свае допісы. Ужо дайшлі адказы ад васьмі вязняў, у тым ліку ад Уладзіміра Цыгановіча – вядомага блогара MozgOn. Уладзімір напісаў каротка - «Я ок!» і пажадаў усяго найлепшага.


Станам на 3 верасня ў Беларусі палітычнымі зняволенымі прызнаныя 653 чалавекі.

Ім патрэбна наша падтрымка!