Меркаванне: «Незалежнасьць», ці вызваленне – для каго?
Кастусь АЛЕШКА
03.07.2021
Мне здаецца, што мы (я маю на ўвазе
жыхароў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі) неяк незаўважна і незаслужана крыўдзім
жыхароў заходняй Беларусі. І гэта цягнецца яшчэ з часоў СССР.
Парад на Дзень незалежнасці ў Мінску, 2017 год. Фота: belta.by
Патлумачу.
Спачатку мы іх кінулі, калі ў 1921 годзе дазволілі падзяліць нашу Бацькаўшчыну,
і беларусы апынуліся ў розных дзяржавах, падзеленыя мяжой. Я разумею, што ў той
час ад нас, беларусаў, мала што залежала, і з намі мацнейшыя суседзі не лічыліся.
Але ж і наша віна ў гэтым ёсць, таму што дазволілі так з сабой абыходзіцца.
Затым,
спачатку савецкая, а зараз расейская і нашая афіцыйная прапаганда нам увесь час
даводзяць, што вайна ў Беларусі пачалася ў чэрвені 1941 года. Але ж для жыхароў
заходняй Беларусі яна фактычна пачалася ў верасні 1939 года. Беларускія жаўнеры
ў шэрагах польскага войска, разам з палякамі, змагаліся як супраць нямецкіх
акупантаў, так і супраць савецкіх. І Другая Сусьветная вайна для амаль паловы
Беларусі, як і для ўсёй Еўропы, прыйшла ў 1939 годзе, а не ў 1941.
І вось
цяпер, у наш час, афіцыйная беларуская прапаганда навязвае нам Дзень вызвалення
Менска 3 ліпеня – як Дзень Незалежнасці. Незалежнасць ад каго, ці ад чаго? 3
ліпеня 1944 года яшчэ амаль палова Беларусі, менавіта заходняя частка, не была
вызваленая ад нямецкіх захопнікаў. Гэты дзень нельга назваць нават Днём
вызвалення Беларусі ад нацыстаў, якая ўжо тут незалежнасць! Ці жыхары заходняй
Беларусі не нашыя, ці яны хіба не крыўдзяцца за такое да іх стаўленне?!
Ну, а перанос
Дня Незалежнасці на Дзень вызвалення Менска цяперашняй уладай і каментаваць
цяжка. Бо ніякай незалежнасці мы тады не атрымалі. Кожны разумны чалавек
разумее, што гэта – бздура. Шкада, што многія людзі нават не хочуць задумвацца
пра гэта, а слепа давяраюць хлуслівай прапагандзе.
Сумна гэта і
горка.
Кастусь АЛЕШКА,
актывіст Партыі БНФ, Рэчыца.