Адкуль бяруцца відэа супраць санкцыяў. У Светлагорску дзяржпрафсаюзы загадваюць «пярвічкам» здымаць і змяшчаць такія звароты ў сацсеткі

Палеская Вясна 02.07.2021

У рэдакцыю Палескай Вясны чытачы даслалі копіі лістоў, якія рассылае ў пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі прадпрыемстваў Светлагорскага раёну тамтэйшае аб’яднанне прафсаюзаў. Прычым, лісты ідуць як ў папяровым выглядзе, так і праз электронную пошту.

Старшыня Светлагорскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ларыса Вяраксіч у сваіх лістах падрабязна тлумачыць чальцам пярвічных арганізацыяў прафсаюза, што трэба зрабіць:

«ФПБ паставіла задачу ўсім старшыням пярвічак, прафкамаў, райкамаў і раённых аб’яднанняў зняць відэа, у якіх асабіста выступіць супраць санкцыяў: на тэлефон, прадстаўляецеся, “ФИО”, пасада і тэкст па санкцыях. Выкладаеце ў свае сацыяльныя сеткі, асабістыя акаунты, групы і г.д. (Фэйсбук, УКантакце, Аднакласнікі, Інстаграм і інш.) Затым дасылаеце спасылкі на свае старонкі, дзе выклалі відэа, на пошту (даецца e-mail Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў). Арыгіналы сваіх відэа самастойна (або праз мяне) адпраўляеце на пошту (даецца e-mail, звязаны з сайтам Федэрацыі прафсаюзаў)».


Ларыса ВЯРАКСІЧ. Фота: sn.by

Такая інструкцыя ўтрымліваецца ў электронным лісце, накіраваным у «пярвічкі» 26 чэрвеня. А 29 чэрвеня датаваны папяровы ліст, разасланы ў ячэйкі дзяржаўных прафсаюзаў. У ім Ларыса Вяраксіч ужо просіць у тэрмін да 2 ліпеня 2021 года прадставіць у раённае аб’яднанне прафсаюзаў адзнятыя ролікі. Магчыма, патрэбнай актыўнасці за прайшоўшыя тры дні не атрымалася і раённай прафсаюзнай кіраўніцы не было бачна, хто выканаў яе задачу, а хто не. Таму яна вырашыла ўзяць усё ў свае рукі.




Чатыры пакеты санкцыяў супраць рэжыму, які трымае ўладу ў Беларусі, а таксама эканамічных суб’ектаў і цэлых груп прадукцыі, ад якіх дзейны рэжым атрымлівае найбольшае фінансавае сілкаванне, увялі ЕС, Вялікая Брытанія, ЗША і шэраг іншых краінаў. Асноўныя ўмовы спынення санкцыйнага ціску на беларускія ўлады – вызваленне ў краіне палітычных зняволеных, спыненне палітычна матываванага пераследу і правядзенне новых сумленных выбараў прэзідэнта з незалежным міжнародным назіраннем.

Кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, які падчас падрыхтоўкі да прайшоўшых у 2020 годзе выбараў узначальваў ініцыятыўную групу за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, першым запісаў відэазварот супраць уведзеных да беларускіх уладаў санкцыяў.