Беларусы адгукнуліся на просьбу дапамагчы сіраце-інваліду з Рэчыцы, які змагаецца за магчымасць хадзіць

Андрусь ГАЁВЫ 02.07.2021

>

На публікацыю на сайце Палеская Вясна ў розных сацыяльных сетках нашага партала адгукнуліся больш за 20 чалавек, якія прапанавалі дапамогу інваліду.


Ужо на другі дзень на картку дзядзькі Максіма Жараева, які робіць Максіму перавязкі, людзі пачалі пералічваць грошы. За іх удалося набыць сродкі догляду і гігіены, мазі, сеткі для перавязак, больш зручную падушку. Некаторыя рэчычане прыносяць Максіму садавіну і іншыя прадукты.


На трэці дзень пасля публікацыі атрымалася адкрыць для Максіма Жараева дабрачынныя рахункі ў банкі, на якія цяпер можна пералічыць свае ахвяраванні. Гэта дапаможа пазбегнуць падаткаабкладання грошай, якімі людзі дапамаглі інваліду.

Для дапамогі ў лекаванні Максіма Жараева можна пералічыць

беларускія рублі на дабрачынны рахунак BY65 АКВВ 3134 0000 0083 5007 0000,

даляры ЗША на дабрачынны рахунак BY05 АКВВ 3134 1000 0046 7007 0000,

расійскія рублі на дабрачынны рахунак BY66 АКВВ 3134 3000 0038 5007 0000

у банку Беларусбанк.

Акрамя грашовай дапамогі людзі людзі вырашылі пытанне з набыццём для Максіма Жараева супрацьпролежневага матрасу, які даслалі яму з Мінску. Некаторыя шукаюць добрых лекараў, якія маглі б паскорыць пазбаўленне яго проляжняў і пачаць лекаваць рухальны апарат.

Максім выказвае вялікую ўдзячнасць усім, хто не застаўся абыякавым да ягонага лёсу і, як можа, дапамагае яму.


Пасля публікацыі на Палескай Вясне ўвагу на сітуацыю Максіма звярнула і сацыяльная служба Рэчыцы. Ужо двойчы да яго прыходзілі супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Другі іхні прыход супаў з чарговым наведваннем Максіма журналістам ПВ. Сацработнікі паведамілі, што ў цэнтры можна забраць прыложкавы столік. Таксама яны паабяцалі выдаткаваць матэрыяльную дапамогу і пахадайнічаць перад райвыканкамам, каб той паспрыяў прыпыненню вылічвання штрафу з пенсіі інваліда. Таксама сацслужба мяркуе прыцягнуць да дапамогі Максіму рэчыцкае аддзяленне Чырвонага Крыжа.


А вось мясцовыя медыкі ніякай цікавасці да сітуацыі Максіма Жараева дагэтуль не выявілі. Так і не сабраўся кансіліюм з хірурга альбо траўматолага, няўролага, уролага і тэрапеўта, каб ацаніць ягоны стан, даць накіраванне ў апёкавы цэнтр. Так і не зрабілі здымак альбо тамаграфію хрыбетніка Максіма і невядома як адбываюцца працэсы зрошчвання касцей і аднаўленне нярвовай сістэмы, пакуль ён лекуе скурныя покрывы пасля пролежняў.

У жніўні 2020 года Максім Жараеў атрымаў траўму, якая пазбавіла яго магчымасці хадзіць. Адняліся ногі. З таго часу ён быў прыкаваны да ложка. Але так сталася, што да ягонай траўмы дадаліся яшчэ і вялікія праблемы з-за пролежняў. Доўгія месяцы замест лекавання рухальнага апарату даводзіцца рабіць аперацыі аднаўлення скуры. У мінулым месяцы дзяржава пачала вылічваць з ягонай пенсіі стары штраф, прысуджяна яшчэ да інваліднасці. Гэта паставіла яго пад небяспеку застацца без патрэбнага лекавання, бо пенсіі, якую яму плоцяць, як інваліду першай групы, хапае выключна на медыкаменты. Тым не менш, Максім Жараеў не губляе надзеі зноў стаць на ногі.

Рэдакцыя Палеская Вясны далучаецца да ўдзячнасці ўсім неабыякавым людзям, якія адгукнуліся на нашую публікацыю. Мы зноў паказалі, што беларусы сапраўды сфармаваліся як адзіны народ, які насуперак усім уладам, якія на нашай зямлі ўсталёўваюць свае парадкі, здольныя самі дапамагаць адно аднаму і супольна вырашаць любыя праблемы!