«Для создания атмосферы праздника». У Мазыры загадваюць як ладзіць свята і складаюць разнарадкі ўдзельнікаў
Палеская Вясна
30.06.2021
Свята паводле разнарадак рыхтуецца на
3 ліпеня. Дзейная цяпер улада лічыць гэтую дату днём незалежнасці краіны.
Чытачы сайта
Палеская Вясна даслалі ў рэдакцыю загад з аднаго з даволі значных прадпрыемстваў
Мазыра. Загад мае працяглую назву «О проведении мероприятий,
посвященных 77-й годовщине освобождения Республики Беларусь от
немецко-фашистских захватчиков и Дня Независимости Республики Беларусь». Змяшчае загад ажно 11 пунктаў.
Дырэктарка
прадпрыемства, якая падпісала загад, упэўненая, што 77 гадоў таму вызвалілі ад
нямецка-фашысцкіх захопнікаў менавіта Рэспубліку Беларусь. І, каб годна
адсвяткаваць гадавіну такой падзеі яна загадвае забяспечыць арганізацыю
выязднога гандлю ў мазырскім парку «Перамога», забяспечыць набыццё матэрыялаў і абсталявання для
праходжання калонны на плошчы Леніна, прадставіць для дэкаравання і праезду па
плошчы ўсё таго ж Леніна аўтамабіль, забяспечыць удзел працоўнага калектыву ў
святочным шэсці, згодна з дадаткам і іншае.
У дадатку,
распісана, колькі людзей мусяць аддацца святочным парывам і паўдзельнічаць у
свяце. Ад кожнага падраздзялення павінны будуць святкаваць ад 6 да 2 чалавек. Усяго
ў святочнай калоне ад прадпрыемства мусяць ісці 53 чалавекі.
А ў пункце 7
загадваецца «для создания атмосферы праздника» ў працоўным калектыве арганізаваць уганараванне чатырох «ветеранов ВОВ и приравненных к них
лицам» праз салодкі стол і ўручэнне памятных
сувеніраў. Тром з гэтых ветэранаў ці прыраўнаваных да іх загадалі яшчэ і
выплаціць па 5 базавых вялічыняў матэрыяльнай дапамогі.
Ну і таксама
праз загад дырэктара будзе на фасадзе прадпрыемства вывешаны дзяржаўны сцяг.
Варта
адзначыць, што прадпрыемства, пра якое вядзецца гаворка, афіцыйна лічыцца
стратным і «ўстойліва неплацёжаздольным». Як канстатавалася ў пратаколе
паседжання камісіі ў папярэджанні эканамічнай няздатнасці (банкруцтва) пры
Мазырскім райвыканкаме за 30 сакавіка 2021 года, чысты прыбытак прадпрыемства
за 2020 год склаў усяго 1026 тысяч рублёў, а крэдытныя запазычанасці станам на
1 студзеня 2021 года – 26656 тысяч рублёў.