22-гадовы сірата-інвалід з Рэчыцы змагаецца за здароўе, а дзяржава вылічвае з ягонай пенсіі стары штраф
Андрусь ГАЁВЫ
27.06.2021
Летась у жніўні няшчасны выпадак
прыкаваў хлопца да ложка ды інваліднага вазка. З-за неналежнага догляду ён
вымушаны лекаваць не рухальны апарат, а пролежні на скуры. І пры гэтым дзяржава
пачала вылічваць з пенсіі грошы на пагашэнне прысуджанага калісьці даўно
штрафу.
Сухая галіна, якая падзяліла жыццё на
да і пасля
У жніўні
2020 года Максім Жараеў падчас
адпачынку ў лесе паміж Рэчыцай і прыгараднай вёскай Азершчына, дзе ён жыў,
няўдала ўскараскаўся на дрэва. Ён наступіў на сухую галіну, якая зламілася, і
Максім ўпаў долу, патрапіўшы спінай на корч. Ад удара моцна пашкодзіўся
хрыбетнік. Ён адчуў, што не можа паварушыць нагамі. Выклікаў хуткую дапамогу.
Потым пачаліся
доўгія лекаванні. Ён чакаў кансіліюму дактароў, якія мусілі прыйсці да яго
дамоў, каб накіраваць яго ў вайсковы шпіталь у Мінск. Але так і не дачакаўся.
Максім –
сірата. Яго спачатку выхоўвала адна маці, бацьку ён нават не ведае. Але і маці
пазбавілі бацькоўскіх правоў, калі Маскім быў яшчэ дзіцём. Як сіраце, яму далі
кватэру на чацвёртым паверсе ў паціпавярховіку ў вёсцы Азершчына, што за нейкіх
пару кіламетраў ад Рэчыцы.
Замест лекавання руху – пролежні і
аперацыі перасадкі скуры
Калі летась
з Максімам адбылася трагедыя, ягоная, пазбаўленая бацькоўскіх правоў, маці
ўзялася дапамагаць у доглядзе. Але не ўгледзела – пачаліся пролежні. Яна не
ведала, як трэба іх лекаваць, таму лекавала, як звычайныя раны. А яны пакрыліся
коркаю, пад якой адбывалася загнаенне. Калі Максім гэта выявіў, ён з маці
выклікалі на дом лекара. Той выпісаў накіраванне ў лякарню на шпіталізацыю. Але
тады раённы шпіталь у Рэчыцы быў запоўнены хворымі на каронавірус.
«У
сувязі з каронавірусам тады планавыя шпіталізацыі былі забароненыя. Калі мы
прыехалі ў нашую рэчыцкую лякарню, хірург нават мяне не паглядзеў. Ён сказаў,
што яны не робяць планавыя шпіталізацыі. І ў яго ці то працоўны час скончваўся,
ці то што – ён проста сыйшоў. Але мяне прывезлі, фактычна ў адный майтках.
Нават, калі выклікаць таксі, каб вярнуцца дахаты – гэта немагчыма. Мы пачалі
абзваньваць розных галоўных дактароў. І ў выніку галоўурач асабіста сказаў, каб
мяне паклалі ў лякарню», – узгадвае Максім.
У хірургічным аддзяленні рэчыцкай
лякарні ён праляжаў месяц. Там яму павыразалі скуру і цяглічныя тканкі ажно да
касцей.
«У
мяне вызначылі каронавірус, хаця не было аніякіх сімптомаў. І мяне паклалі ў
палату, якая зусім не была прыстасаваная для такіх інвалідаў, як я. І адна з медсёстраў
мне так і сказала: “Я лекую толькі каронавірус”. Калі я папрасіў яе павярнуць
мяне, яна сказала: “Я не буду цягнуць сваю спіну, каб цябе варочаць”. А мяне
трэба было варочаць кожныя тры гадзіны. А, паколькі належнага догляду не было,
скура падгнівала-падгнівала, хірург яе кожны дзень усё адразаў і адразаў. І
атрымалася да касцей. Потым я напісаў адмову ад такога лекавання і мяне забралі
дамоў. Праз тыдзень мы паехалі ў апёкавы цэнтр у Гомель. Там мне сказалі, што
лепей бы мы адразу звярнуліся туды, чым давялі мяне да такога стану. Нада мной
мучыліся чатыры з паловай месяцы. Мне пазакрывалі ўсе мае дзіркі, але ногі
“пакоцалі” – бралі донарскую скуру з ног і перасаджвалі на пашкоджаныя месцы»,
– распавёў Максім Жараеў.
Потым яму прызначаны быў кансіліюм
дактароў – хірурга, няўролага, уролага. Дактары мусілі прыехаць да яго дамоў. Але
кансіліюм так і не адбыўся. Усе кансультацыі Максім пакуль праходзіць у
апёкавым цэнтры ў Гомелі. Там дактары баяцца каб загнаенне не пайшло на храсты
на костку, бо тады вярнуць магчымасць самастойна перасоўвацца стане ўвогуле
немагчыма. Пакуль жа, ёсць імавернасць, што пасля аднаўлення скуры і цягліцаў,
магчыма будзе правесці шэраг неўралагічных аперацыяў, усталяваць штучныя
суставы і вярнуць магчымасць хадзіць. Зараз у нагах ёсць нярвовыя рэфлексы на
ўздзеянне, але яны не трапляюць у мозг, Максім папросту не адчувае ног. Акрамя
таго, дагэтуль яму так і не зрабілі здымак хрыбетніка, які неабходны, каб далей
працягваць лекаванне рухальнага апарату.
Штодня Максіму неабходна рабіць
перавязкі, месцы, на якіх зробленыя аперацыі перасадкі скуры, трэба змазваць
адмысловымі мазямі. Зніжка, як інваліду першай групы, як патлумачылі яму
медыкі, дзейнічае толькі на бінты. Мазі і іншыя лекі даводзіцца набываць за
поўны кошт. Па выніку, як падлічыў Максім, адна перавязка абыходзіцца прыкладна
ў 10 рублёў. І гэта – штодня.
Выканаўцы знайшлі магчымасць спагнаць стары
штраф
Пенсія, якую налічылі Максіму, складае
каля 300 рублёў на месяц. Пачаў атрымліваць яе ён толькі з сакавіка. Тады яму
выплацілі за тры месяцы ад пачатку года каля 660 рублёў.
Летась яшчэ да трагічнага выпадку,
Максіма з сябрамі затрымалі міліцыянты і прыцягнулі да адказнасці за распіццё
алкагольных напояў у грамадскім месцы. Але ён кажа, што ні нейкіх лістоў з
прапановай заплаціць штраф, ні нейкіх звестак ад аддзелу прымусовага выканання
ён не атрымліваў.
«Мне
ў мінулым месяцы далі толькі 213 рублёў пенсіі. Не папярэдзілі, не далі аніякіх
пісьмаў. Я быў проста ў шокавым стане – чаму так мала? Маёй той пенсіі хапае
толькі на медыкаменты, ні на ежу, ні на нешта яшчэ, што патрэбна – не
застаецца. Бабуля, у якой я цяпер знаходжуся і якая мяне даглядае, купляе ўсё за
сваю пенсію. Потым бабуля схадзіла ў аддзел сацабароны і ёй сказалі, што
прыйшоў судовы выканаўца і даў пастанову, каб вылічылі за штраф. Я так разумею,
што вылічылі недзе 170 рублёў. І яшчэ мусяць вылічваць некалькі месяцаў. Поўны
памер пенсіі за той месяц я нават не ведаю. І зараз гэтыя грошы для нас вельмі
каштоўныя. Мне трэба ездзіць у Гомель на кансультацыю, а для гэтага даводзіцца прасіць
кагосьці з машынай, заправіць яго – гэта рублёў 50 толькі на дарогу. Набыць
мазі – таксама нятанна. Ды і для таго, каб аднаўляцца, мне патрэбна добрае
харчаванне. А як на такія грошы можна набываць добрае харчаванне?», –
роспачна кажа Максім Жараеў.
Жыллё на першым паверсе – не палагаецца
Таксама Максім спрабаваў атрымаць
кватэру на першым паверсе. У Азершчыне,
у тым самым доме, дзе знаходзіцца ягоная кватэра на чацвёртым паверсе, на
першым ёсць пустая вольная кватэра. І мясцовае ЖЭУ не супраць, каб пасяліць
туды Максіма і нават зрабіць пандус з пад’езда, каб ён мог сам на вазку
спускацца на вуліцу. Але ў жыллёвым аддзеле райвыканкама яму патлумачылі, што
не могуць яго туды пасяліць, бо пакуль першая група інваліднасці яму
ўсталяваная часова, а не пажыццёва. Таму зараз для кожнага выхаду з жытла, а ён
пакідае кватэру толькі, калі трэба ехаць у лякарні, яго з вялікімі пакутамі
даводзіцца спускаць з пятага паверху бабулі і дзядзьку.
Дом на вуліцы Першамайскай, 24а ў Рэчыцы, дзе на пятым паверсе зараз жыве Максім.
«Я веру, што атрымаецца стаць на ногі!»
«Я
заўжды раней сябраваў са спортам, маю званне кандыдата ў майстры спорту ў
самба. Часам з-за маладой нейкай гарэзлівасці мог ускараскацца на дрэва,
напрыклад, і зрабіць адтуль сальта. І, калі тое здарылася ў мінулым жніўні,
яшчэ некалькі месяцаў ніхто не верыў, што я так сур’ёзна паламаўся. А зараз
вось мушу ляжаць нерухома. Але я веру, што ў мяне атрымаецца яшчэ стаць на
ногі!», – сказаў Максім напрыканцы нашай сустрэчы.
У рэдакцыі Палескай Вясны ёсць
дадзеныя Максіма і ягонай бабулі. Мы звяртаемся да неабыякавых людзей з
заклікам дапамагчы чым магчыма. З рэчаў хлопцу проста цяпер патрэбны
супрацьпролежневы матрас. Магчыма, хтосьці мог бы дапамагчы ў паездках на
кансультацыі ў лякарні Гомеля ці Мінска. Ну і фінансавая дапамога не будзе
залішняю, бо адзін дзень перавязак каштуе не менш за 10 рублёў. Калі ў вас ёсць магчымасць і жаданне
дапамагчы, можна напісаць на нашыя сацсеткі ў Facebook, Telegram ці
ВКонтакте, і мы звяжам вас з
Максімам.