Ініцыятыва «Забітыя і забытыя» пачала здымкі цыклу фільмаў пра ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў. Гераіня першага – з Рэчыцы
Андрусь ГАЁВЫ
18.06.2021
>>
Мэта грамадскай ініцыятывы «Забітыя і
забытыя» – захаванне памяці пра ахвяраў рэпрэсіяў, якія на нашай зямлі чыніў
камуністычны рэжым. Адзін з напрамкаў працы – фіксацыя аповядаў сваякоў тых,
хто пацярпеў ад савецкай рэпрэсіўнай машыны.
Гераіняй
першага фільму стала жыхарка Рэчыцы Алена
Лінкевіч. Яна распавядае ў фільме пра свайго дзеда Васіля Яраховіча. Праўда, па крыві гэта не родны дзед Алены, але
для яе ён стаў насамрэч родны.
Гісторыя
сям’і продкаў рэчычанкі сапраўды ўражвае. Прадзед Алены Лінкевіч (у дзявоцтве –
Кастрамы) па матчынай лініі жыў у пасёлку Вясёлае, што каля вёскі Казанаўка, і
быў даволі дбайным гаспадаром, а таму сям’я была адносна заможная.
У 1920-я
гады да іх у парабкі наняўся малады бедны хлопец, які прыехаў у расхваленую
савецкую Беларусь з Лунінеччыны, што ў тыя часы знаходзілася ў складзе Польшчы.
Калі прайшла калектывізацыі і ўсе сталі аднолькава беднымі, уступіўшы ў
калгасы, Васіль на вячорках пазнаёміўся з дачкой былога гаспадара – Ганнай, і яны вырашылі пабрацца шлюбам.
Але бацькі былі супраць, каб іхняя дачка ішла замуж за батрака. Тым не менш,
Ганна паставіла ўмову – альбо ажэньваемся з Васілём, альбо ўвогуле замуж не
пайду і застануся ў дзеўках.
Ганна з
Васілём ажаніліся, у іх нарадзіліся двое дзяцей. Але ў 1937-м годзе на яго
напісалі данос, як на польскага шпіёна, скарыстаўшы для абвінавачвання тое, што
ён слаў лісты сваім родзічам на Лунінеччыну. Аднойчы яго з хаты забраў «варанок» і доўгія гады Ганна пра яго нічога
не ведала. З суда ў Гомелі ёй прыйшла папера, што Васіля асудзілі на 10 гадоў
лагераў без права ліставання. Вяскоўцы, пачытаўшы гэтую паперу, патлумачылі
Ганне, што раз без права ліставання – гэта азначае, што Васіля расстраляюць.
Прамінулі
гады ІІ Сусветнай вайны, рабіла розныя павароты жыццё Ганны. Але праз шмат
гадоў адбылася іх сустрэча з Васілём. Сустрэча – каб быць разам да скону.
Пра тое, як
таталітарныя рэжымы нявечаць чалавечыя лёсы, пра паралелі з сучаснасцю
паспрабуюць распавесці аўтары фільма і ягоная гераіня.
Удзельнікі
ініцыятывы «Забітыя і забытыя» таксама шукаюць сваякоў людзей з Гомельшчыны,
якія пацярпелі ад камуністычных рэпрэсіяў часоў СССР. Калі ў праз лёсы вашай
сям’і таксама прайшоў каток савецкай рэпрэсіўнай машыны - паведамце сябрам ініцыятывы праз зручны для вас спосаб, пазначаны на сайце homelrepressions.org.