У Тураве без археалагічных даследаванняў аддалі пад разворванне і меліярацыю зону аховы ландшафту ранейшага акольнага гораду

Андрусь ГАЁВЫ 12.10.2020

Ужо некалькі месяцаў цягнецца канфлікт, выкліканы рашэннем Жыткавіцкага райвыканкама аб узгадненні перадачы земляў у ахоўнай зоне археалагічнага помніка Акольны горад (пасад) старажытнага Турава пад вырошчванне яблыняў і буякоў фермерцы з Альшанаў. Не абыякавыя да гістарычнай спадчыны роднага горада тураўцы не згодныя з такім рашэннем.


Спрэчная тэрыторыя месціцца каля паўднёва-заходняга ўскрайку Турава і атачае знакамітыя Барыса-Глебскія могілкі, дзе знаходзяцца вядомыя два каменныя крыжы, якія «растуць» з зямлі.

Жыхары прылеглых вуліцаў Турава раней не чапалі гэтыя землі, ажыццяўляючы там толькі пасьбу жывёлы. У ліпені Жыткавіцкі райвыканкам прыняў рашэнне аб узгадзненні перадачы ў арэнду гэтай тэрыторыі сялянска-фермерскай гаспадарцы « Сададива Марии-2», зарэгістраванай на імя Марыі Грыб у знакамітых Альшанах суседняга Столінскага раёну Брэсцкай вобласці. Цяпер тураўцы пазбавіліся пашы. Дрэвы і кусты, якія невялікімі кулісамі раслі па полі, скарчаваныя, землі развораныя, па нізкіх мясцінах капаюцца меліярацыйныя канавы і адбываецца перамяшчэнне глебы і сёлетней восенню на полі маюць з’явіцца пасадкі пладовых дрэваў і кустоў.



Гэтыя тэрыторыі, згодна з Пашпартам гісторыка-культурнай каштоўнасці «Акольны горад – пасад летапіснага Турава» з’яўляюцца зонай аховы ландшафту археалагічнага помніка. На гэтых землях можа знаходзіцца культурны пласт, які яшчэ не даследаваўся. Таму гэтая тэрыторыя мае адмысловы рэжым аховы. Любыя працы тут павінны ажыццяўляцца з узгадненнем з археолагамі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навукаў Беларусі. Але такога ўзгаднення пры вылучэнні гэтай зямлі для фермерскай гаспадаркі не выканана.


Алена БАЙКОЎСКАЯ. 

«Існуюць дзяржаўныя спісы гісторыка-культурных каштоўнасцяў. І “Акольны горад – пасад летапіснага Турава” ўключаны ў так спіс. Там утрымліваецца шэраг помнікаў археалогіі. На гэтую гісторыка-культурную каштоўнасць маецца пашпарт, у якім вызначаная зона аховы ландшафту. І павінны выконвацца ўмовы, прадугледжаныя гэтымі дакументамі. Там нельга капаць, нельга перамяшчаць землі, бо такім чынам можна страціць значныя археалагічныя артэфакты. Каб вылучыць такія землі пад падобныя працы, раённая ўлада мусіла ўзгадніць гэта з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі. Але гэта не зроблена. Археолагі даведаліся пра тое, што гэтыя землі вылучаныя пад разворванне, калі на іх пачалі карчаваць дрэвы і кусты і араць. Зараз там яшчэ і капаюць меліярацыйную канаву. Гэта немагчыма рабіць да таго, як там зробяць даследаванне археолагі, каб вызначыць ці маецца там культурны пласт. Гэта прадугледжана Кодэксам аб культуры», - распавяла археолаг і сябра грамадскага аб’яднання «Тураўскае гісторыка-асветніцкае таварыства» Алена Байкоўская.



Жыткавіцая райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правяла абследаванне ўчастка, на якім, таксама без адпаведных дазволаў, сялянска-фермерская гаспадарка правяла выдаленне дрэўна-кустовай расліннасці. Урон, які нанесены прыродзе такім чынам, склаў амаль 6,4 тысячы рублёў. Яшчэ на 1 350 рублёў фермерскую гаспадарку  аштрафавалі паводле Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.  


Афіцыйная пазіцыя Жыткавіцкага райвыканкама, выказаная ў адказах тураўскім актывістам, палягае ў тым, што гэтыя землі выкарыстоўваліся неэфектыўна, зарасталі пустазеллем і дрэўна-кустовай расліннасцю, і таму іх вырашылі аддаць альшанскай фермерцы, каб яна навяла парадак і ўцягнула зямлю з сельгаскарыстанне. Пра парушэнне заканадаўства аб ахове археалагічнай спадчыны ў сваіх адказах раённыя ўлады адмоўчваюцца.

Меркаванні мясцовых жыхароў падзяліліся. Некаторыя лічаць, што развораныя і засаджаныя буякамі і яблынямі землі будуць выглядаць прыгажэй, а з вербняку, які рос там раней, па горадзе «распаўзаліся вужакі». Тыя ж тураўцы, якія шануюць археалагічную спадчыну свайго старажытнага гораду, лічаць, што вакол хапае незанятых земляў і выкарыстоўваць для садаводства тэрыторыю, якая ўваходзіць у зону аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці, ды на якой пакуль не праведзеныя адпаведныя даследаванні, нельга. Яны спрабуюць спыніць распрацоўку гэтай зямлі.

«Нашыя ўлады лічаць, што жывой прыроды ўвогуе не павінна нідзе быць – усё трэба скарчаваць, разараць і нібыта “акультурыць”. Але ж паміж Туравам і Альшанамі шмат земляў, дзе можна было б займацца гэтай гаспадаркай. Чаму абралі менавіта гэтую тэрыторыю ля самага гораду, дзе і людзі пасвілі кароў, коз, авечак, і дзе могуць быць археалагічныя артэфакты – я не разумею. Акрамя таго, як, як эколаг, цудоўна ведаю, што падчас садаводства будзе ўжывацца хімія для барацьбы са шкоднікамі, будуць выкарыстоўвацца закісляльнікі глебы для вырошчвання буякоў. А гэтая мясціна раз на некалькі гадоў затапляецца падчас паводкі. І гэтая хімія будзе трапляць на агароды прылеглых да поля падворкаў тураўцаў», – гаворыць Інэса Балоціна, жыхарка Турава, біёлаг, сябра Зялёнай сеткі і грамадскіх аб’яднанняў «Багна» і «Экадом».  


Фермерка ж спасылаецца на тое, што Жыткавіцкі райвыканкам ёй выдзяленне ўчасткаў узгадніў. А афіцыйнае афармленне дакументаў адмыслова зацягваецца. Пры гэтым яна звяртае ўвагу на тое, што ёю выдаткаваныя каля двух мільёнаў даляраў ЗША інвестыцыяў у набыццё саджанцаў буякоў і яблыняў, якія, калі іх увосень не высадзіць, загінуць. Гэта, на думку Марыі Грыб, не спрыяе ўмацаванню эканамічнага становішча краіны, бо пазбаўляе яе бюджэт імаверных падатковых паступленняў ад развіцця сельгасвытворчасці.