Выхадзец з Рэчыцкага раёну зрабіў прыкладанне, каб байкатаваць «гаманцы Лукашэнкі» і парушальнікаў правоў людзей

Андрусь ГАЁВЫ 02.10.2020

>>

Мабільнае прыкладанне з назваю «Крама» дазваляе вызначыць тавары, вытворцы якіх удзельнічаюць у пазападаткавым фінансаванні цяперашняй улады, альбо парушаюць правы сваіх супрацоўнікаў.


Сяргей КАСТРАМА. ФОТА: Facebook героя.

Ідэю стварэння такога мабільнага прыкладання прыдумаў Сяргей Кастрама – выхадзец з Рэчыцкага раёну, які цяпер жыве ў Празе.

«Нас – пераважная большасць. Нас – гэта тых, хто хоча зменаў да лепшага. Усім вядома, што ў Лукашэнкі ёсць не толькі сімпатызанты-цярпілы, але і наўпроставыя інтарэсанты, хто наўпрост ці ўскосна фінансуе дзічыну і атрымлівае прыбытак ад статус кво», – напісаў Сяргей Кастрама на сваёй старонцы ў Facebook.

Сяргей распавёў, што раней бачыў у інтэрнэце спіс прадпрыемстваў, якія з’яўляюцца «гаманцамі» Лукашэнкі альбо тыя, якія змагаюцца са сваімі супрацоўнікамі за іхнюю пазіцыю. Гэты спіс  «гуляў» па інтэрнэце і ўвесь час павялічваўся.

«У спісе было некалькі дзясяткаў вытворцаў. А яны маюць не адзін брэнд. І трымаць усё гэта ў галаве – дастаткова складана. Таму ў мяне нарадзілася ідэя распрацаваць лёгкі і дасяжны кішэнны інструмент, каб можна было з ягонай дапамогай выказаць такі грамадзянскі мірны пратэст людзям, якія не лічаць магчымым купляць тавары тых вытворцаў, якія фінансуюць незаконнае ўтрыманне ўлады Лукашэнкам, ціснуць на сваіх супрацоўнікаў, звальняюць іх за выказванне грамадзянскай пазіцыі. Я не думаю, што такім чынам можна "пакласці" гэтыя прадпрыемствы, але праз байкот такіх тавараў можна даць знак гэтым вытворцам, што яны не маюць рацыі. Я распрацаваў ідэю і спытаўся ў свайго сябра, ці зможа ён напісаць праграму прыкладання. Такім чынам і з’явілася “Крама”. Зараз яна мае больш за 50 тысяч усталёвак», – распавёў Сяргей Кастрама.

Прыкладанне працуе шляхам распазнавання вытворцы праз штрых код. Трэба альбо адсканаваць штрых-код камерай мабільнай прылады, альбо ўнесці ў адмысловае поле першыя сем лічбаў штрых-коду. Далей прыкладанне спраўджвае вытворцу са спісам тых вытворцаў, хто вядомы сваёй наўпроставай супрацай з рэжымам Лукашэнкі, альбо пра каго маюцца звесткі аб рэпрэсіях з боку кіраўніцтва ў дачыненні да супрацоўнікаў.


«Сама праграмка - гэта адказ на запыт грамадства. Карыстальнікі дзякуюць за карысны інструмент, з якім не сумна зайсці за сумленна зробленымі таварамі», – гаворыць Сяргей Кастрама.

Спампаваць мабільнае прыкладанне «Крама» для ўсталёўвання на сваёй прыладзе можна праз спасылкі для сістэмы iOS альбо для сістэмы Android.

Сяргей Кастрама з вёскі Валадарск Рэчыцкага раёну. Скончыў Ліцэй БДУ і юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, а таксама магістратуру Карлава універсітэту ў Празе. Магістр сацыяльных навукаў. Праходзіў стажыроўку ў адной з арганізацыяў АБСЕ. Пасля вярнуўся ў Беларусь і спрабаваў знайсці годную працу на радзіме, але не здолеў і таму зараз працуе ў Чэхіі.