У Рэчыцы райвыканкам не хоча адмаўляцца ад намераў пабудовы мікрараёна на месцы парка
Андрусь ГАЁВЫ
24.07.2020
Атрыманы адказ
на петыцыю супраць пабудовы новага мікрараёна на скрыжаванні вуліц Савецкая і
Моладзевая ў Рэчыцы, дзе зараз знаходзіцца зялёная зона.
Рэчыцкі райвыканкам з 26 траўня па 19 чэрвеня абвясціў
грамадскае абмеркаванне дэталёвага плану раёна шматпавярховай забудовы па
вуліцы Моладзевай у г. Рэчыцы. Грамадскае абмеркаванне адбывалася з шэрагам
парушэнняў. У прызначаны дзень і ў абвешчаным месцы не была прадстаўлена
экспазіцыя дэталёвага плану, які ўлады выставілі на абмеркаванне. За палову дня
да пачатку была адмененая прэзентацыя праекту, якая так і не праводзілася. Нягледзячы
на тое, што з моманту заканчэння грамадскага абмеркавання дэталёвага плану прайшло
ўжо больш за месяц, пратакол яго альбо зводная табліца заўваг і прапаноў так і
не апублікаваныя на сайце выканкаму.
Грамадскія актывісты падчас абмеркавання склалі петыцыю,
пад якой падпісаліся 444 чалавекі. Петыцыю накіравалі ў Рэчыцкі райвыканкам.
Амаль праз месяц пасля адпраўкі атрыманы адказ з органу мясцовай улады,
падпісаны намеснікам старшыні райвыканкаму Яўгенам
Юрчанкам.
Што адказалі
людзям улады
У адказе Яўген Юрчанка распавядае падрабязнасці сустрэчы з
зацікаўленымі жыхарамі Рэчыцы, якая адбылася 10 ліпеня. Таксама намеснік
старшыні райвыканкама паведамляе, што ў Рэчыцы маецца амаль 863 гектары зялёных
насаджэнняў. Праўда, з іх агульнага карыстання толькі 50,8 га. Паведамляецца,
што ў гэтыя плошчы не ўключаныя плошчы поймы Дняпра, якая прылягае да горада, і
лясных масіваў, якія часткова ўваходзяць у гарадскую рысу. Якія канкрэтна
азялененыя тэрыторыі складаюць тыя 863 гектары не паведамляецца.
Яўген Юрчанка спасылаецца на кодэксы ўсталяванай
практыкі, паводле якіх паказнікі забяспечанасці зялёнымі ўчасткамі на аднаго
жыхара ў такіх гарадах, як Рэчыца, мусяць складаць 15 – 20 квадратных метраў.
Пры пабудове новага мікрараёна на месцы зялёнай зоны, паводле Юрчанкі, гэты
паказнік складзе 15,2 квадратных метра на жыхара, што нібыта трапляе ў
нарматыў.
Таксама Юрчанка паведаміў, што пры абследаванні дрэваў у
парку, які мяркуецца знішчыць, там налічылі 212 дрэваў. З іх 10 аказаліся
сухімі, 103 з прыкметамі засыхання і 99 у задавальняючым стане. Пасля высечкі
гэтых дрэваў і пабудовы мікрараёна, паведамляе намеснік старшыні мясцовага
органа ўлады, прадугледжаныя кампенсацыйныя пасадкі.
«Рэчыцкі
райвыканкам і далей плануе ажыццяўляць праектаванне раёна шматкватэрнай жылой
забудовы з улікам пажаданняў жыхароў горада Рэчыцы», – піша Яўген
Юрчанка.
У адказе на петыцыю таксама пазначана, што ў 2016 годзе
райвыканкам атрымаў узгадненне ад прадпрыемства «Белнііпградабудаўніцтва» на
змяненне функцыянальнага прызначэння
тэрыторыіі грамадскай забудовы на скрыжаванні вуліц Моладзевая – Савецкая на «больш
запатрабаваную» жылую забудову.
Таксама ў адказе апісваюцца зоны санітарнай аховы ад
розных аб’ектаў вакол, якія, быццам бы, адпавядаюць усталяваным уладамі
нарматывам.
«Будаўніцтва
добраўпарадкаванага раёна шматкватэрнай забудовы на ўездзе ў горад упрыгожыць
наш горад Рэчыцу», – лічыць Яўген Юрчанка.
Што мяркуюць
спецыялісты
Рэчыцкі актывіст Даніла
Аленіус у чэрвені накіроўваў зварот у прадпрыемства «Белнііпградабудаўніцтва». У пачатку ліпеня ён
атрымаў адказ, у якім намеснік дырэктара прадпрыемства Юрый Віннікаў паведаміў, што ў прадстаўленай рэдакцыі дэталёвы план
шматпавярховай жылой забудовы на вуліцы Моладзевай у горадзе Рэчыцы
райвыканкаму не ўзгоднены.
Таксама Віннікаў паведамляе, што ў цяперашні час прадпрыемства распрацоўвае
карэктыроўку Генеральнага плану Рэчыцы. Паводле спецыялістаў прадпрыемства, жылая
шматкватэрная забудова на вуліцы Гомельскай і сядзібавая забудова на вуліцах Красікава
і Новы Свет у Рэчыцы знаходзяцца па-за межамі нарматыўнага радыусу дасяжнасці
да азялененых тэрыторыяў агульнага карыстання.
«Генеральным планам прадугледжваецца
магчымасць рэзервавання тэрыторыі як азялененая тэрыторыя агульнага карыстання»,
– гаворыцца ў адказе прадпрыемства «Белнііпградабудаўніцтва».
Як рэагуюць грамадскія
актывісты
Даніла Аленіус адзначае, што пасля Дажынак, якія прайшлі ў Рэчыцы 13 гадоў
таму, горад практычна не развіваўся ў плане рэканструкцыяў вуліцаў, у плане
стварэння грамадскіх прастораў. І замест таго, каб ствараць новыя грамадскія
прасторы, паркі раённыя ўлады проста выціскаюць з кожнага кавалка зямлі
прыбытак. Яны не хочуць ствараць жылыя мікрараёны на новых тэрыторыях, дзе
трэба будаваць школы, садкі і ствараць тыя ж паркі. Яны забудоўваюць вольныя
кавалкі зямлі ў гарадской забудове якая ўжо склалася.
«Адказ райвыканкама на зварот
гараджан, якія адстойваюць свае горадабудаўнічыя правы, паказвае, што мясцовая
ўлада не хоча мірыцца і з тым, што інстытут горадабудаўніцтва не дазволіў ім
змену функцыянальнага прызначэння гэтай тэрыторыі да распрацоўкі і прыняцця новага
генплана. Як бачым, яны не хочуць лічыцца не толькі з меркаваннем гараджан, але
і з рашэннямі спецыялістаў у галіне горадабудаўніцтва. Хачу сказаць рэчычанам,
што нам не варта здавацца. Трэба выносіць праблему на ўзровень краіны», –
лічыць Даніла Аленіус.
Таксама Палеская Вясна звярнулася да каардынатара таварыства «Горад для
гараджан» Дзяніса Кобрусева і папрасіла
яго пракаментаваць адказ райвыканкаму на калектыўны зварот неабыякавых
грамадзян.
На думку Дзяніса Кобрусева, адказ райвыканкаму выглядае фармальнай адпіскай,
каб нешта адказаць, але не сказаць нічога па сутнасці. Ніякія патрабаванні,
якія грамадзяне выказалі ў сваім звароце, у адказе не разгледжаныя і на іх не
дадзена канкрэтных адказаў.
«Фактычна, гэта не адказ на канкрэтны
зварот, а проста маніпуляцыя. Выканам спасылаецца на тое, што ў 2016 годзе «Белнііпградабудаўніцтва» даў дазвол на змену функцыянальнага прызначэння гэтай
тэрыторыі і гэта адкрыла дарогу для будаўніцтва жылля. Магчыма гэта так і ёсць,
але толькі часткова. Бо ў сакавіку 2020 года Рэчыцкі райвыканкам паўторна
звяртаўся ў «Белнііпградабудаўніцтва» і дасылаў ім на ўзгадненне дэталёвы план забудовы. І
яго інстытут не ўзгадніў. Ён паведамляе, што будаваць там жылы раён немагчыма,
бо парушаюцца нарматывы па азеляненні. Акрамя таго, пытанне будаваць ці не будаваць
на гэтым месцы мікрараён не закрыта нават паводле грамадскага абмеркавання. Яно
скончылася ў чэрвені, а Рэчыцкі райвыканкам парушыў нормы і не апублікаваў
вынікаў, не змясціў пратакол, не прыняў ніякага рашэння. Гэта кажа пра тое, што
патрабаванні грамадзян маюць пад сабой падставы. А выканкам цяпер не ведае, як
паступіць, каб апынуцца ў законным рэчышчы», – упэўнены Дзяніс Кобрусеў.