Даты не важныя. У Калінкавічах жанчыне прысудзілі штраф паводле доказаў, якія не адносяцца да справы

Палеская Вясна 15.09.2020

У справе аб удзеле ў нібыта несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве знаходзіліся доказы, якія распавядалі пра падзеі іншага дня, чым той, у які нібыта адбылося правапарушэнне, але суддзя не звярнула на гэта ўвагі і прыняла рашэнне аб вінавастасці жанчыны.


Наталля ПІЛІПЕЙКА.

Жыхарку Калінкавічаў Наталлю Піліпейка паклікалі ў суд на 14 верасня, каб асудзіць за ўдзел у несанкцыянаваным мітыгну, які адбываўся ў горадзе на плошчы Перамогі 24 жніўня. У справе былі раздрукаваныя фотаздымкі, на якіх Наталля стаіць спіной да мітынга. Яна распавяла суддзі, што не ішла адмыслова на мітынг, а шпацыравала побач і спынілася, каб паразмаўляць з сябрамі.


У пратаколе аб адміністратыўным правапарушэнні, які на Наталлю Піліпейка склаў участковы інспектар В. Гецман, пазначана, што Наталля «24.08.2020 у перыяд часу ад 18.00 гадзін да 19.30 гадзін, знаходзячыся на плошчы Перамогі ў г. Калінкавічы, парушыла ўсталяваны парадак правядзення мітынга, што выразілася ў прыняцці ёй актыўнага ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу без дазволу Калінкавіцкага райвыканкама з мэтай публічнага абмеркавання і выказвання свайго стаўлення да грамадска-палітычнага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь».



Пры гэтым у пратаколе апытання Наталлі Піліпейка, які правёў усё той жа ўчастковы Гецман, бачна, што ён распытваў Наталлю пра падзеі 25 жніўня. Пра 25 жніўня распавядае і адзіны сведка – намеснік начальніка Калінкавіцкага РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Дзмітрый Воляк. Такім чынам, два пісьмовыя доказы, якія меліся ў справе адносяцца да іншай даты, чым тая, у якую Наталлі ставіцца ў віну здзяйсненне правапарушэння.

Суддзя Святлана Сарнаўская, якая разглядала справу, падчас агалошвання пісьмовых сведчанняў, прачытала пратакол апытання сведкі Воляка, які пачынаецца як раз датай – 25 жніўня. Але суддзя зрабіла выгляд, што не заўважыла несупадзення даты, пра якую рапавядае ў пісьмовым сведчанні сведка і той даты, у якую нібыта здзейсненае правапарушэнне, згодна з пратаколам аб правапарушэнні.


Чытаць пратакол апытання асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, суддзя ўвогуле не стала, сказаўшы, што там паказанні паўтараюць тое, што сказана ў судовым паседжанні, хаця гэтыя паказанні таксама пачыналіся з даты – 25.08.

Зачытаўшы іншыя пісьмовыя матэрыялы, суддзя нават не даўшы Наталлі Піліпейка зрабіць свае заўвагі паводле агучаных матэрыялаў, адразу пачала выносіць пастанову, у якой прызнала Наталлю Піліпейка вінаватай у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства і прызначыла пакаранне ў выглядзе штрафа, памерам у 2 базавыя велічыні, што зараз складае 54 рублі.