У Светлагорску затрымлівалі праваабаронцу і назіральніцу Алену Маслюкову і ўдзельнікаў велапрабегу

Палеская Вясна 30.07.2020

Каля 17.30 29 ліпеня ў Светлагорску затрымалі праваабаронцу і назіральніцу кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алену Маслюкову і яшчэ 6 удзельнікаў велапрабегаў салідарнасці, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Праваабаронца ПЦ "Вясна" і доўгатэрміновая назіральніца за правядзеннем прэзідэнцкіх выбараў па Светлагорскім раёне Алена Маслюкова прыйшла разам з групай удзельнікаў велапрабегаў салідарнасці да апорнага пункта міліцыі ў 3-м мікрараёне Светлагорска, каб сустрэць аднаго  з удзельнікаў - Арцёма Данілава. Ён мусіў да 17.30 з'явіцца на апорны пункт паводле позвы, якую яму ўручылі падчас затрымання напярэдадні ўвечары паводле абвінавачвання ў распаўсюдзе ўлётак. 


29 ліпеня Арцёма зноў затрымалі проста на працы, завезлі дамоў, дзе правялі агляд жытла. Знайшлі некалькі самаробных улётак за Святлану Ціханоўскую. Таксама ў Арцёма міліцыянты забралі ровар і тэлефон. 

Каля 17.30, калі Арцём Данілаў падыйшоў да апорнага пункта міліцыі, усю групу грамадзян і праваабароцу затрымалі чацвёра амапаўцаў і два чалавекі ў цывільным адзенні. Сярод затрыманых таксама апынулася і экаактывістка і кіраўніца мясцовай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Таццяна Наскова, якая проста чакала, каб пазней пайсці з Аленай Маслюковай па іншых справах. Прозвішчы іншых затрыманых Дзяніс Лучын, Дзмітрый Захаранка, Дзмітрый Кульбей, Станіслаў Мацюшкоў.


Амапаўцы, якія затрымлівалі людзей, не прадстаўляліся. Удалося даведацца імя аднаго з міліцыянтаў, які ўдзельнічаў ў зняволенні людзей і знаходзіўся з імі ў памяшканні апронага пункту міліцыі. Гэта - Аляксандр Нафікаў

Затрыманых у апорным пункце развялі па розных памяшканнях, дзе праводзілі апытанні. Як паведаміла Палескай Вясне Алена Маслюкова, яе апытвалі паводле абставінаў пажару аўтамабіля, які нібыта належыць Канстанціну Пятроўскаму, намесніку старшыні Светлагорскага райвыканкама, які курыруе ідэалагічную сферу і адначасова з'яўляецца старшынём раённай выбарчай камісіі. Аўтамабіль згарэў папярэдняй ноччу каля дома, дзе жыве Пятроўскі. Падчас апытання некалькі разоў узгадвалі імя Дзяніса Лучына, нібыта яго падазраюць у падпале аўтамабіля чыноўніка. 

Каля 20.30 Алену Маслюкову, Таццяну Наскову і Арцёма Данілава вызвалілі. Дзяніса Лучына і Дзмітрыя Кульбея, а таксама Дзмітрыя Захаранку і Станіслава Мацюшкова завезлі ў РАУС. Двух апошніх вызвалілі толькі праз 5 гадзінаў, а пра вызваленне Лучына і Кульбея невядома.