Грамадская ініцыятыва «Будзем разам» перадала дапамогу для мазырскага цэнтра «Радуга»

Палеская Вясна 21.06.2020

Сябры грамадскай ініцыятывы «Будзем разам» кампаніі «Зробім лепш» набылі і перадалі мазырскау цэнтру медычнай рэабілітацыі для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга» 400 ахоўных масак і амаль 4 літры атысептычнага сродку.

Неябыякавыя мазырчукі вырашылі такім чынам пакласці пачатак дабраахвотнай дапамозе цэнтру, які адчувае патрэбу ў фінансавых сродках. Зараз чакаецца абяцанае ўладай рэфармаванне цэнтра ў абласны. Але пакуль цэнтр «Радуга» знаходзіцца ў чаканні, любая дапамога будзе дарэчы. Што могуць – людзі спрабуюць зрабіць самі. Але да зімы многія групы цэнтра маюць патрэбу, найперш, у замене ваконных блокаў. Гэта пакуль не пад сілу звычайным грамадзянам. тым не менш, наведвальнікі цэнтра спадзяюцца на тое, што іх патрэбы не пакінуць абыякавымі тых, хто мае магчымасць дапамагчы з заменай старых драўляных ваконных блокаў, якім ужо каля 30 гадоў, на больш сучасныя. Таксама ў цэнтры «Радуга» будуць радыя любой дапамозе.

19 чэрвеня праз цэнтральную бухгалтэрыю Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклінікі паводле акту неабыякавыя мазырчукі перадалі цэнтру «Радуга» 400 ахоўных масак і 4 літры антысептыку.


«Наша ініцыятыва звычайных грамадзян, даведаўшыся, што цэнтр «Радуга» працягне сваё існаванне, вырашыла дапамагчы супрацоўнікам перажыць гэты цяжкі ў эпідэміялагічным плане час. Я думаю, што маскі і антысептык не будуць лішнімі. Мы таксама заклікаем далучыцца да дапамогі цэнтру «Радузе» ўсіх, хто мае спачуванне да гэтага цэнтра і ягоных наведвальнікаў. І, карыстаючыся сёняшняй датай, павіншаваць ад імя грамадзянскай ініцыятывы «Будзем разам» кампаніі «Зробім лепш» усіх супрацоўнікаў цэнтра цэнтру «Радуга», які пакуль з’яўляецца медычнай установай, з прафесійным святам – Днём медычных работнікаў», – зазначыў у каментары Палескай Вясне адзін з удзельнікаў ініцыятывы «Будзем разам» Юрый Целяпун