У Мазыры адзначылі 50-гадовы юбілей папраўчай калоніі №20
Жорж Кунцэвіч
30.06.2023
>>>
З вялікаю помпаю і пыхай
у Мазыры адзначылі 50-годдзе з дня стварэння папраўчай калоніі № 20 УДВП МУС.
“У 1973 годзе ў 22
кіламетрах ад горада Мазыра, у раёне прамысловай зоны Мазырскага НПЗ быў
адкрыты лячэбна-працоўны прафілакторый №2, у якім павінны былі ўтрымлівацца і
праходзіць курс лячэння хворыя на хранічны алкагалізм. Сёння на месцы былога
ЛПП-2 за высокім плотам, апраўленым калючым дротам, знаходзіцца "Папраўчая
калонія №20". Жыццё схаваная ад старонніх вачэй”, - пісала некалі пра
калонію “Жыццё Палесся”.
Урачыстае мерапрыемства
прайшло ў мясцовым драматычным тэатры, куды запрасілі супрацоўнікаў калоніі і заслужаных
ветэранаў, якія “бездакорна нясуць нялёгкую службу па абароне людзей ад
злачынных замахаў”.
Гучалі пафасныя словы,
уручаліся ўзнагароды і дыпломы, абвяшчаліся падзякі. Са сцэны тэатра супрацоўнікаў
ПК № 20 павіншавалі калегі з усіх сілавых структур Мазырскага раёна.
Між тым, мазырская калонія адметная дрэннымі ўмовамі
ўтрымання зняволеных. Праваабаронцам неаднаразова паведамлялі пра беззаконне і
самавольства ў дачыненні да асуджаных з боку адміністрацыі калоніі, дрэнныя
санітарныя ўмовы.
"Поспехі" мазырскай
“дваццаткі”, па сведчаннях зняволеных, дасягаюцца коштам супрацьпраўных, часам
злачынных мер, якія ўжываюцца адміністрацыяй гэтай установы. Вядомы выпадак,
калі супрацоўнікі ПК-20 жорстка збілі каля 100 асуджаных.
"Многія з іх
атрымалі фізічныя траўмы і пашкоджанні розных ступеняў. Пасля такіх катаванняў
шасцёра збітых нанеслі сабе рэзаныя раны і загналі ва ўнутраныя органы
металічныя прадметы, каб такім чынам выклікаць пракурора", - гэта цытата з
ананімнага ліста аднаго са зняволеных.
На сёння ў папраўчай
калоніі №20 утрымліваецца пяць палітычных зняволеных.