У новым сезоне рэчыцкі ФК «Спутник» згуляе ў першай лізе. Але не ў Рэчыцы

Міхась МАЗГОЎ 25.03.2019

Абноўлены футбольны клуб "Спутник" з Рэчыцы цудам патрапіў у першую лігу нацыянальнага чэмпіянату па футболе.

Sputnik_loga

Кіраўніцтва "Спутника" атрымала афіцыйны ліст, падпісаны дырэктарам дэпартамента з правядзення спаборніцтваў Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Ігарам Цаплюком. У ім паведамляецца, што рэчыцкая каманда ўключаная ў склад камандаў-удзельніцаў чэмпіянату Рэспублікі Беларусь сярод камандаў першай лігі сезону 2019 года. 

Пераход каманды ў першую лігу адбыўся досыць выпадкова. У мінулым сезоне рэчыцкія футбалісты сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіянату ў другой лізе і не мелі магчымасцяў трапіць у першую. Але ў першай стварылася вакантнае месца, калі магілёўскі "Дняпро" вырашыў аб'яднацца з мінскім "Лучом", каб выступаць у вышэйшым дывізіёне. 

Але, на жаль, рэчычане так і не пабачаць у сваім горадзе ні "Крумкачоў", ні іншых камандаў першай лігі беларускага чэмпіянату. Зрэшты, не пабачаць яны і самога "Спутника". Прынамсі, да сярэдзіны сезона, а можа і на болей. Справа ў тым, што гарадскі стадыён у Рэчыцы непрыдатны для гульняў і будзе зазнаваць рамонт. Гуляць матчы нацыянальнага чэмпіянату "Спутник" будзе на полі СДЮСШАР № 8 у Гомелі.

Многія рэчыцкія заўзятары з жалем кажуць, што гэта не рэчыцкі клуб, а фактычна гомельскі. Амаль увесь склад - з дубля ФК "Гомель". Матчы каманда гуляе ў Гомелі, трэнаванні таксама адбываюцца ў Гомелі. У Рэчыцы каманда амаль не з'яўляецца. Толькі некалькі гульцоў, якія жывуць у гэтым горадзе прыязджаюць туды дадому. Былая слава рэчыцкага футболу пакуль у горад не спяшаецца вяртацца.

Пасля развалу легендарнага "Ведрыча", кіраўніцтва аб'яднання "Рэчыцадрэў", якое калісьці стаяла ля вытокаў стварэння ў Рэчыцы футбольнага клуба, які з 1980 па 1991 год таксама зваўся "Спутник", а пазней быў пераіменаваны ў "Ведрыч",  вырашыла зноў узяцца за аднаўленне ў горадзе футбольнай каманды, якая б гуляла ў нацыянальным чэмпіянаце. Так і з'явіўся новы "Спуник". Але шлях новай каманды да тых вышыняў, якія дасягаў "Ведрыч" пакуль што вельмі пакручасты.