Пад Мазыром робяць ператрус у фермера, якога здымаў Ціханоўскі. Затрыманы аўтар каналу «Мозырь для жизни» (Дапаўняецца)
Палеская Вясна
04.06.2020
У вёсцы Прудок
Мазырскага раёна сярод ночы супрацоўнікі праваахоўных органаў уварваліся ў
гаспадарку фермера, дзе Сяргей Ціханоўскі запісваў жартоўнае «інтэрв’ю прыкарытнікаў».
Як паведаміў раніцай праваабаронцам ПЦ «Вясна» фермер Аляксандр Вянгура (спачатку памылкова было паведамлена ягонае прозвішча як Сіраш), да яго ў дом у вёсцы
Прудок Мазырскага раёна ўночы ўварваліся шмат супрацоўнікаў праваахоўных
органаў і пачалі рабіць ператрус. Усё пераварочваюць дагары нагамі.
Аляксандр ВЕНГУРА. Скрын-шот з відэа Сярея Ціханоўскага.
Паведамляецца таксама пра запужванне жанчын. У дзіцяці
гвалтам адабралі тэлефон.
Таксама з Мазыра паведамляюць пра затрыманне Аляксандра Цуканава, аўтара YouTube-канала «Мозырь для жизни», які толькі 2
чэрвеня вызваліўся пасля адбыцця 25 сутак арышту за ўдзел у сустрэчы з Сяргеем
Ціханоўскім у Мазыры 3 траўня. Таксама затрыманы Дзяніс Колас, сябар Цуканава, які прыходзіў
падтрымаць Аляксандра на судзе і сустракаў яго падчас вызвалення ў ІЧУ.
Жыхары Мазырскага раёна на канале аўтааматараў у Zello паведамляюць пра тое, што на дарозе ад Мазыра да вёскі Прудок працуюць некалькі экіпажаў ДАІ, якія спыняюць і правяраюць усе аўтамабілі. Спраўджваюць дакументы і правяраюць багажнікі машын.