У Рэчыцы суд вярнуў у міліцыю справу аб хуліганстве з-за здымкаў відэа ў паліклініцы

Палеская Вясна 16.04.2020

Судовае паседжанне мусіла адбыцца 17 красавіка, але адкладзенае на няпэўны тэрмін.

Павел Мар’еўскі, які здымаў на відэа блакаванне пацыентаў раённай паліклінікі ў Рэчыцы, 10 красавіка атрымаў позву ў суд у якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс паводле артыкула 17.1 КабАП, на 17 красавіка.


Праваабаронцы параілі яму папярэдне азнаёміцца з матэрыяламі справы і зняць з іх копіі, каб вызначыцца з тактыкай абароны. 15 красавіка ён прыйшоў у суд Рэчыцкага раёна, але яму паведамілі, што суддзя вырашыў вярнуць справу ў райаддзел міліцыі на дапрацоўку. Паводле словаў Паўла, дату новага судовага паседжання яму не паведамілі, сказалі, што яно пераносіцца на нявызначаны тэрмін.  

31 сакавіка ўчастковы інспектар міліцыі Арцём Нікалаеў склаў на Паўла Мар’еўскага пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, у якім звінаваціў яго ў здзяйсненні дробнага хуліганства праз тое, што ён «рабіў відэаздымкі, чым перашкаджаў выкананню медыцынскімі работнікамі сваіх службовых абавязкаў пры правядзенні эпідэміялагічных мерапрыемстваў». Хаця, на відэа добра бачна, што ніякіх перашкодаў медперсаналу Павел, здымаючы відэа, не стварае. У якасці пацярпелай у міліцыю звярнулася загадчыца раённай паліклінікай Таццяна Кудзянчук.