На Гомельшчыне ўлада аднавіла рэпрэсіі супраць свабоды слова. Журналістку судзілі ў дзень яе народзінаў
Андрусь ГАЁВЫ
14.04.2020
Амаль два гады
рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў на Гомельшчыне не ўжываліся. 13
красавіка яны пачаліся зноў.
Ларыса ШЧЫРАКОВА
На журналістку-фрылансерку Ларысу Шчыракову з Гомеля 1 красавіка склаў пратакол аб
адміністрацыйным правапарушэнні старшы ўчастковы інспектар міліцыі Цэнтральнага
РАУС Гомеля Пётр Грамадцоў. Ён
напісаў, што «01.03.2020 каля
12.00 гадзін Шчыракова Л.Ф. знаходзячыся на набярэжнай р. Сож у г. Гомелі ў
парушэнне п.п. 3, 4 арт. 35 Закона РБ “Аб сродках масавай інфармацыі”, фактычна
выконваючы, у адпаведнасці з п. 6 арт. 1 Закона функцыі журналіста замежнага
СМІ без акрэдытацыі ў МЗС РБ, злоўжываючы правамі і ў парушэнне абавязкаў
журналіста, прадугледжанымі п.п. 2.4.6 арт. 34 Закона, падрыхтавала відэасюжэт
і распаўсюдзіла яго польскім спадарожнікавым тэлеканалам “БелСАТ” праз сетку
“Інтернет” у раздзеле “Аб’ектыў” 01.03.2020 г.» (захаваная
пунктуацыя аўтара).
Пётр ГРАМАДЦОЎ. Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц
Але пачалася справа з рапарта, які склаў на імя намесніка
начальніка УУС старшы інспектар упраўлення аховы правапарадка і прафілактыкі
абласнога ўпраўлення ўнутраных справаў падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Зуеў. Відавочна, асноўнай
функцыяй гэтага міліцыянта з’яўляецца прагляд сайтаў незалежных СМІ, якім
беларускія ўлады не даюць акрэдытацыі ў нашай краіне, і высочванне на іх працаў
журналістаў з Гомельшчыны. Гэты ж самы падпалкоўнік міліцыі ў кастрычніку 2018
года накіроўваў
такі самы рапарт аб тым, што «раскрыў» правапарушэнне нібыта здзейсненае
журналістам-фрылансерам Андрэем
Мядзведзевым з Рэчыцы. Праўда, тады даказаць віну журналіста ў міліцыянтаў
не атрымалася.
Рапарт падпалкоўніка Аляксандра ЗУЕВА
У матэрыялах адміністрацыйнай справы ў дачыненні да
Ларысы Шчыраковай маецца таксама адказ з Міністэрства замежных справаў на запыт
УУС Гомельскага аблвыканкама пра тое, ці маюць гомельскія журналісты
акрэдытацыю пры МЗС. Запыт тычыўся адразу сямі журналістаў-фрылансераў і
блогераў з Гомеля і Гомельскай вобласці – Ларысы
Шчыраковай, Андрэя Толчына, Марыі Булавінскай, Яўгена Меркіса, Марыны
Драбышэўскай, Андрэя Мядзведзева
і Андрэя Павука. Відавочна, што
ўлады баяцца распаўсюду непадкантрольнай дзяржаўнай цэнзуры інфармацыі і
шукаюць спосабы прымусіць змоўкнуць усіх незалежных журналістаў Гомельшчыны.
На суправаджальным лісце ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля
з РАУС нехта пазначыў, што Ларысу Шчыракову неабходна выклікаць у суд менавіта
13 красавіка ўвечары за гадзіну да сканчэння працоўнага дня. Як раз 13 красавіка
Ларыса Шчыракова святкуе свой дзень народзінаў. Падобны спосаб помсты за адданасць прафесіі і жаданне дапамагаць людзям улады ўжо выкарыстоўвалі ў дачыненні да Ларысы Шчыраковай у 2017 годзе, калі яна актыўна асвятляла пратэстныя акцыі супраць так званага «дэкрэта аб дармаедах». Вось і цяпер замест таго, каб чакаць
гасцей за святочным сталом, журналістка мусіла прымаць віншаванні ў судзе.
Падтрымаць Ларысу Шчыракову ў суд прыйшлі каля двух
дзясяткаў яе калег, герояў яе сюжэтаў і проста неабыякавых гамельчукоў,
некаторыя з якіх нават асабіста з ёй не знаёмыя. Цукеркі, кветкі і цёплыя словы
Ларыса атрымлівала каля прыступкаў судовай будыніны.
Справу разглядаў нядаўна прызначаны суддзя Сяргей Салоўскі. Ларыса Шчыракова хадайнічала
пра тое, каб вяліся відэаздымкі паседжання. На гэта суддзя заявіў, што ў сувязі
з тым, што іншага боку, акрамя Шчыраковай у судзе няма, то трэба спытаць ці не
супраць хаця б сакратарка суда каб вяліся здымкі. Сакратарка сказала, што яна
супраць і суддзя адхіліў хадайніцтва, забараніўшы галоснае асвятленне працэса.
Суддзя Сяргей САЛОЎСКІ
Таксама Ларыса Шчыракова хадайнічала аб далучэнні да
матэрыялаў справы меркаванняў Камітэта ААН па правах чалавека паводле
паведамлення іншага гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага, які таксама супрацоўнічаў
з тэлеканалам «Белсат». КПЧ ААН летась прызнаў парушэнне Беларуссю правоў журналіста, дадзеных
яму артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Суддзя Салоўскі задаволіў хадайніцтва Шчыраковай і
далучыў меркаванні КПЧ ААН да матэрыялаў справы, але падчас паседжання з імі не
азнаёміўся.
Ларыса Шчыракова не прызнала сваёй віны ў здзяйсненні
якога-небудзь правапарушэння. Пры гэтым яна паведаміла, што сапраўды здымала
відэаматэрыялы, якія потым даслала ў рэдакцыю тэлеканала «Белсат», каб там іх выкарысталі
для стварэння сюжэта ў праграме «Аб’ектыў».
«Калі Вы прызнаеце, што здымалі відэа
і дасылалі яго ў рэдакцыю польскага канала, дык чаму не прызнаеце віну ў
здзяйсненні правапарушэння?», – не мог зразумець суддзя Сяргей Салоўскі.
«Гэта маё права. Яно дадзенае мне
Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канстытуцыяй нашай
краіны. Я стаю на варце цікавасцяў звычайнх грамадзян, якія маюць права быць
пачутымі многімі людзьмі і якія хочуць чуць розную інфармацыю. Міліцыі, КДБ,
дзяржаўным ідэолагам не падабаецца, што нехта без іхняга дазволу карыстаецца
базавым палітычным правам на свабоду слова. І таму яны ініцыююць такія працэсы
і аддаюць мяне пад суд, хаця я нічога, што магло б камусьці нашкодзіць, не
рабіла», – патлумачыла ў канцы свайго апытання Ларыса Шчыракова.
Пасля перапынку суддзя Сяргей Салоўскі вынес рашэнне аб спагнанні з Ларысы
Шчыраковай за яе журналісцкую дзейнасць штрафа ў памеры 35 базавых вялічыняў –
945 рублёў. Ён патлумачыў, што ўлічыў наяўнасць на выхаванні журналісткі
малалетняга дзіцяці як змякчальную акалічнасць, але тое, што паводле такога
самага артыкула беларускім судом яна прыцягваецца да адказнасці не першы раз –
як абцяжарвальную.
Фота: Васіль Грыгарэнка
«Амаль два гады гомельская міліцыя
мяне не чапала. Але сёлета маюць адбыцца прэзідэнцкія выбары. Акрамя таго людзі не давяраюць афіцыйнай інфармацыі аб сітуацыі з эпідэміяй
каранавірусу, і яны хочуць альтэрнатыўнай інфармацыі з крыніцаў, якія не
азіраюцца на кіраўнічыя кабінеты. У такіх варунках улада імкнецца зачысціць
інфармацыйнае поле і таму зноў уключыла рэпрэсіўны апарат, які найперш
скіраваны на незалежных журналістаў. Тым не менш, мы будзем рабіць сваю працу –
аб’ектыўнае асвятленне падзей, інфармаванне людзей і дапамога ім у вырашэнні
розных праблемаў», – пракаментавала Ларыса
Шчыракова.