У Мазыры на экс-кандыдата у дэпутаты Міхаіла Бандарэнку складзены пратакол
Палеская Вясна
04.12.2019
Тэлеграм-канал грамадскай ініцыятывы "Еўрапейская Беларусь" паведаміў пра затрыманне чацвёртага снежня ў Мазыры іх актывіста, экс-кандыдата ў дэпутаты Міхаіла Бандарэнкі.
Бандарэнку даставілі ў Мазырскі РАУС. Мабільны тэлефон Бандарэнкі доўгі час не адказваў.
Сёння днём актывіст збіраўся паехаць у Мінск.
Стала вядома, што ў аддзяленні міліцыі на Бандарэнку быў складзены пратакол аб правапарушэнні паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел 16 лістапада ў масавым мерапрыемстве ў Менску.
Былы кандыдат у дэпутаты ад грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Міхаіл Бандарэнка правёў у РАУС больш за тры гадзіны.
- Мяне затрымалі ў маршрутцы на выездзе з Мазыра. Зайшоў капітан міліцыі і проста выцягнуў за руку на вуліцу. Даставілі ў РАУС, чаканы пратакол за ўдзел у акцыі 16 лістапада, якая, нагадаю, была законным перадвыбарным пікетам. Мне так і сказалі: гэта табе за выступленне і за спаленне дакумента, выдадзенага ЦВК. Суд - заўтра. Ярмошына, напэўна, моцна пакрыўдзілася, - сказаў Міхаіл Бандарэнка адразу пасля выхаду на волю.
Паводле інфармацыі spring96.org