У Рэчыцы рэпрэсуюць музыку найстарэйшага метал-гурта Беларусі
Палеская Вясна
14.01.2025
На заўтра ў мясцовым судзе намечаныя тры судовыя пасяджэнні з абвінавачваннямі паводле палітычных матываў, паведамляе Гомельская Вясна.
Андрэй СТАРУШЭНКА.
Сярод людзей, якіх у судзе Рэчыцкага раёна плануецца рэпрэсаваць 15 студзеня – вядомы музыка і добры адмысловец горадаўтваральнага прадпрыемства Андрэй Старушэнка. Яго вінавацяць у распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, паводле часткі 2 артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Выконваць палітычную рэпрэсію збіраецца прызначаная асабіста Лукашэнкам на пасаду суддзі Юліяна Лунцэвіч.
Юліяна ЛУНЦЭВІЧ.
Андрэй Старушэнка – гітарыст і адзін з кіраўнікоў найстарэйшага дэз-метал гурта Беларусі EVTHANAZIA A.D.. Пасля свайго адраджэння гурт выпусціў шэраг кліпаў на свае сінглы на беларускай мове. Асабліва высока быў ацэнены кліп на кампазіцыю “Вера. Воля…” Таксама Андрэй арганізоўваў у Рэчыцы шматлікія фестывалі цяжкой музыкі.
Працуе Андрэй Старушэнка галоўным энергетыкам Рэчыцкага метызнага завода – аднаго з горадаўтваральных прадпрыемстваў, якое выпускае вялікі шэраг прадукцыі для мацавання і фурнітуры. У 2021 годзе ён быў узнагароджаны ганаровай граматай Рэчыцкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў “за шматгадовую добрасумленную працу, значны ўнёсак у развіццё метызнае вытворчасці і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці завода”. 10 студзеня паводле такога самага абвінавачвання тая самая Юліяна Лунцэвіч судзіла ў Рэчыцы і галоўнага механіка гэтага ж завода Івана Дзенісенку.
Андрэй СТАРУШЭНКА (трэці злева) на ўзнагароджанні ў 2021 годзе. Фота: rmz.by.
Акрамя Андрэя Старушэнкі ў гэты ж дзень паводле такіх самых абвінавачванняў будуць рэпрэсаваць мясцовых жыхароў Марыю Ражко і Яўгена Трукшаніна. Ражко ўзяўся судзіць лукашэнкаў прызначэнец на пасаду старшыні рэчыцкага суда Генадзь Шэвель, а Трукшаніна рэпрэсавацьме прызначаная Лукашэнкам суддзёй Вольга Фядосава. Вядома, што Яўген Трукшанін да апошняга часу працаваў майстрам свідравальнае ўстаноўкі ў аб'яднанні "Беларусьнафта".
Яўген ТРУКШАНІН.
Сутнасць абвінавачванняў, якія выстаўляюцца ўсім траім фігурантам адміністрацыйных справаў, пакуль невядомая. Але, найхутчэй, пераслед звязаны з пашырэннем у сваіх сацсетках нейкіх спасылак альбо матэрыялаў, створаных альтэрнатыўнымі праўладным крыніцамі інфармацыі.
Улады Беларусі без якіх-кольвек абгрунтаванняў для грамадства паабвяшчалі практычна ўсе такія інфармацыйныя рэсурсы “экстрэмісцкімі матэрыяламі” і цяпер пераследуюць людзей з мэтай недапучшэння спажывання імі інфармацыі, альтэрнатыўнай дзяржаўнай прапагандзе.
Праваабаронцы настойваюць на тым, што такі пераслед з’яўляецца загадзя неправавым, бо груба парушае права на свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любым спосабам і незалежна ад дзяржаўных межаў. Такое права гарантаванае кожнаму жыхару планеты артыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.