У Рэчыцы масава рэпрэсуюць настаўнікаў. 13 студзеня судзіцьмуць ужо чацвёртую за апошнія месяцы
Палеская Вясна
09.01.2025
Гэтым разам за рэалізацыю права на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне рэпрэсіі напаткалі настаўніцу хіміі раённай гімназіі, вучні якой шматкроць рабіліся пераможцамі самых розных алімпіяд і конкурсаў, паведаміла Гомельская Вясна.
Вікторыя КАСЦЮХІНА ў цэнтры. Фота: сацсеткі.
13 студзеня ў судзе Рэчыцкага раёна намечаны разгляд адміністрацыйнай справы датычна Вікторыі Касцюхінай. Яе традыцыйна для большасці апошніх палітычных рэпрэсій вінавацяць паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП, якая завецца “распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі”. Выконваць рэпрэсіўны захад падмелася прызначаная асабіста Лукашэнкам на пасаду суддзі Вольга Фядосава.
Вольга ФЯДОСАВА.
Пра палітычны пераслед Вікторыі Касцюхінай напісалі і ў Telegram-канале, звязаным з рэчыцкімі падраздзяленнямі карных органаў рэжыму Лукашэнкі. Карнікі адкрыта пішуць, што пераследуюць настаўніцу за тое, што:
“…ей не мешало в скромном чатике в "Вайбере" на 11 человек среди своих коллег и подружек ругать "крывавы рэжым", благами которого она не чуралась пользоваться. Как оказалось, наша мадам-хамелеон еще в 2020 году была активным участником протестов в городе”.
Таксама, супрацоўнікі карных органаў у сваім допісе ў Telegram дакараюць Вікторыю Касцюхіну за тое, што яна на выбарах прэзідэнта ў 2020-м годзе галасавала за Святлану Ціханоўскую.
Пры гэтым яны паведамляюць, што нібыта суд над Вікторыяй Касцюхінай ужо адбыўся і ёй прысудзілі штраф. Таксама карнікі сцвярджаюць, што Касцюхіну прымусова звольнілі з працы ў раённай гімназіі. Тым не менш, судовае пасяджэнне (магчыма, ужо не першае), падчас якога будуць рэпрэсаваць Касцюхіну, у раскладзе суда Рэчыцкага раёна запланаванае толькі на 13 студзеня. А на сайце Рэчыцкай раённай гімназіі яна яшчэ пазначаная, як адна з дзвюх настаўніц хімі.
Акрамя працы настаўніцай хіміі, Вікторыя Касцюхіна ўваходзіла ў склад праўладнага прафсаюзнага камітэта адукацыйнай установы і была там чальцом камісіі па выкананні працоўнага заканадаўства. Таксама яна ўваходзіла ў склад раённага інжынерна-тэхнічнага цэнтра, які стварыўся ў 2023 годзе пры гімназіі для фарміравання ў вучняў прыродазнаўча-матэматычнага ды інжынерна-тэхнічнага мыслення, а таксама ўцягвання іх у тэхнічную творчасць.
Аб працоўных дасягненнях Вікторыі Касцюхінай шматкроць пісала мясцовая дзяржаўная раённая газета. У публікацыях гаварылася, што настаўніца дапамагала вучням рыхтавацца да розных алімпіяд і конкурсаў у хіміі, і яны там атрымлівалі прызавыя месцы. Апошняя публікацыя, дзе ўзгадваецца імя Вікторыі Касцюхінай, як настаўніцы, чые вучні сталі найлепшымі знаўцамі хіміі ў Рэчыцкім раёне, выйшла літаральна сёлета 1 студзеня.
Тым не менш, у карніцкім Telegram-канале ягоныя аўтары задаюць пытанні, якія яны самі ж называюць рытарычнымі:
“Нужны ли в нашей стране такие педагоги? Чему они могут еще научить детей помимо основного предмета?”
Таксама карнікі пагражаюць рэпрэсіямі іншым удзельнікам згаданага імі чату ў "Вайберы", сцвярджаючы, што ён ужо прызнаны экстрэмісцкім.
Гэта ўжо чацвёрты выпадак палітычнага пераследу настаўнікаў у Рэчыцы за апошнія месяцы, які стаў вядомы праваабаронцам. У верасні мінулага года паводле такіх самых падставаў рэпрэсавалі адну з найлепшых у Рэчыцкім раёне настаўніц біялогіі і хіміі з сярэдняй школы № 7 Дзіяну Нараеўскую. У кастрычніку рэпрэсавалі настаўніцу англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Вольгу Герус. А 8 студзеня, таксама паводле артыкула 19.11, карнікі рэпрэсавалі настаўніцу гісторыі Святлану Сашэнка. Акрамя настаўнікаў, пад рэпрэсіі патрапляюць і лепшыя лекары Рэчыцы, якім дзякавалі многія жыхары горада і раёна.
Праваабаронцы ў чарговы раз нагадваюць, што права на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне, якое ўключае ў тым ліку і свабоду шукаць, атрымлiваць i распаўсюджваць iнфармацыю i iдэi любымi сродкамi i незалежна ад дзяржаўных межаў, гарантаванае кожнаму артыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Пераслед за ягонае ажыццяўленне з’яўляецца загадзя неправасудным і злачынным.