У Рэчыцы за распаўсюд інфармацыі будуць судзіць загадчыка аддзялення раённай лякарні

Палеская Вясна 14.11.2024

Пад палітычныя рэпрэсіі трапіў адзін з самых паважаных у горадзе лекараў, паведаміла Гомельская Вясна.

Андрэй КУРЛОВІЧ. 

Суд над Андрэем Міхайлавічам Курловічам запланаваны на 19 лістапада. Выконваць палітычную рэпрэсію будзе Юрый Лунцэвіч, якога асабіста Лукашэнка прызначыў на пасаду суддзі ў Рэчыцу. Карнік выстаўляе Андрэю Курловічу абвінавачванне ў распаўсюдзе, вырабе, захоўванні інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць і збіраецца судзіць паводле часткі 2 артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.


Юліяна ЛУНЦЭВІЧ.

Падобныя абвінавачванні ўлады Беларусі звычайна выстаўляюць людзям за падпіскі на альтэрнатыўныя дзяржаўным крыніцы інфармацыі, рэпосты з гэтых крыніц у сваіх сацыяльных сетках, альбо падабайкі ў некаторых сацсетках, дзе ўпадабаны матэрыял адлюстроўваецца ў стужках сяброў. Цяпер карныя органы Беларусі без якіх-кольвек абгрунтаванняў для грамадства паабвяшчалі практычна ўсе альтэрнатыўныя ўбудаваным у сістэму ўлады крыніцы інфармацыі экстрэмісцкімі матэрыяламі і караюць за любыя дачыненні з такімі крыніцамі.

Пры гэтым, артыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, кожнаму чалавеку ў свеце гарантуецца права на свабоду шукаць, атрымлiваць i распаўсюджваць iнфармацыю i iдэi любымi сродкамi i незалежна ад дзяржаўных межаў. Пераслед за распаўсюд інфармацыі з нейкіх крыніц з’яўляецца грубым парушэннем гэтага права.

Скрын-шот з сайта Рэчыцкай цэнтральнай раённая лякарні.

Андрэй Курловіч працуе загадчыкам анэстэзійна-рэанімацыйнага аддзялення Рэчыцкай цэнтральнай раённай лякарні. У горадзе і раёне ён вядомы як адзін з найбольш прафесійных лекараў.

Многія ўважлівыя чытачы добра ведаюць, каму часцей за ўсё на старонках газеты адрасавалі словы падзякі рэчычане, якіх медыкі літаральна вырывалі з чэпкіх абдымкаў каранавіруса. Правільна, Андрэю Курловічу, загадчыку аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Рэчыцкай ЦРБ”,

– пісала пра яго ў 2022 годзе дзяржаўная раённая газета.

Невядома, ці застанецца пасля палітычна матываванага адміністрацыйнага прысуду на працы паважаны лекар – вельмі часта гэта служыць падставай для звальнення з дзяржаўных арганізацыяў. Але пакуль ягонае імя не прыбранае з сайта рэчыцкай лякарні.

А. Юрэвіч.