У Рэчыцы Дзень маці адзначылі палітычнымі судамі над сям’ю жанчынамі

Палеская Вясна 14.10.2024

>

Усіх іх вінавацяць у “распаўсюдзе экстрэмізму”, піша Гомельская Вясна.

Своеасаблівае віншаванне рэчыцкім жанчынам з Днём маці падрыхтаваў мясцовы суд. Якраз на 14 кастрычніка ён сабраў разам усе палітычна матываваныя суды над жанчынамі.

Генадзь ШЭВЕЛЬ.

Прызначаны Лукашэнкам на пасаду суддзі Генадзь Шэвель выносіў пастановы адносна Святланы Гапоненкі, Ганны Мацюшэнкі, Яны Мацюшэнкі, Анастасіі Сауліч, Галіны Трухтовай і Юліі Чыжэўскай. Але, Шэвель, пэўна, не даў рады звалодаць адразу з сям’ю жанчынамі, бо на дапамогу яму прыйшоў сумнавядомы сваім стараннем на ніве палітычных рэпрэсіяў іншы лукашэнкаў прызначэнец Станіслаў Іванюценка. Ён узяў на сябе Елізавету Мікалайчык.



Станіслаў ІВАНЮЦЕНКА.

Шэвель з Іванюценкам вінавацілі рэчыцкіх маці паводле часткі 2 артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях у распаўсюдзе, вырабе, захоўванні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць. Пакуль невядома, якія канкрэтна дзеянні ставілі карнікі ў віну жанчынам, але падобныя абвінавачванні найчасцей ужываюцца ўладамі для пераследу за падпіскі на нейкія інфармацыйныя рэсурсы, якія ўлады без аніякіх абгрунтаванняў абвясцілі экстрэмісцкімі.

Насамрэч, гэта пераслед за рэалізацыю права на свабоду пераканняў, якое ўключае свабоду шукаць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі спосабамі незалежна ад дзяржаўных межаў. Яно гарантаванае артыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.