У Каленкавічах карнікі і прапагандысты без суда прылюдна абвінавацілі падлетка ў злачынстве
Палеская Вясна
28.09.2024
Прынароднае “ўзяццё пад варту” дзіцяці правялі супрацоўнікі некалькіх карных структураў у Палескім аграрным каледжы, заўважыла Гомельская Вясна.
Каленкавіцкае прапагандысцкае выданне мясцовых райвыканкама і райсавета “Калінкавіцкія навіны” апублікавала інфармацыю пра тое, што 27 верасня ў актавай зале мясцовага аграрнага каледжа ў прысутнасці навучэнцаў і выкладчыкаў узялі пад варту 14-гадовага падлетка. Такая масавасць спатрэбілася мясцоваму пракурору Вадзіму Жулегу, каб санкцыянаваць зняволенне хлопчыка.
Прапагандысты мясцовай газеты сцвярджаюць, што “напярэдадні супрацоўнікі наркакантролю РАУС затрымалі падлеткаў 13 і 14 гадоў. Маладыя людзі прывезлі з суседняга горада 20 г асабліва небяспечнага псіхатропу, расфасавалі і схавалі ў тайніках у горадзе, даслаўшы справаздачу куратару. У момант учынення злачынства яны былі затрыманыя”.
Пункт 1 артыкула 11 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека гарантуе, што “кожны чалавек, якi абвiнавачваецца ў злачынстве, мае права лiчыцца невiнаватым да таго часу, пакуль яго вiнаватасць не будзе ўстаноўлена законным парадкам шляхам публiчнага судовага разбору, пры якiм яму забяспечваюцца ўсе магчымасцi для абароны”.
Супрацоўнікі пракуратуры, міліцыі і разам з імі прапагандысты сабралі вялікую колькасць людзей, у тым ліку, відавочна, знаёмых з падлеткам, якога абвінавачваюць у распаўсюдзе наркотыкаў і прадставілі нібыта злачынныя дзеянні апошняга, як устаноўлены факт, літаральна на наступны дзень пасля меркаванага “злачынства” і без якога-кольвек судовага разбіральніцтва. Гэта ёсць відавочным парушэннем ягоных правоў і прэзумпцыі невінаватасці.
На арганізаваным карнікамі і так званымі педагогамі з каледжа шоў выступіў таксама старшыня камісіі ў справах непаўнагадовых Гомельскага аблвыканкама Яўген Міткевіч, які дзеля такога адмыслова прыбыў у Каленкавічы.
Яўген МІТКЕВІЧ выступае на шоў публічнага зняволення.
Варта зазначыць, што актывісты ініцыятывы “Матчын рух”, якая займалася абаронай правоў сваіх дзяцей, асуджаных да вялізных тэрмінаў паводле артыкула 328 (незаконнае абарачэнне наркотыкаў) Крымінальнага кодэкса, раней звярталі ўвагу на тое, што вялікая колькасць падобных “злачынстваў”, імаверна, правакуецца самімі супрацоўнікамі падраздзяленняў наркакантролю для падвышэння паказчыкаў раскрывальнасці.
Бо такім самым чынам, як каленкавіцкага падлетка, яны захопліваюць толькі тых, хто робіць так званыя “закладкі”, літаральна пакрокава вядучы іх да месца выканання задання. Але пра факты падобнага ж “узяцця пад варту” тых самых куратараў ці іншых арганізатараў незаконнага гандлю наркатычнамі сродкамі, карныя органы чамусьці не паведамляюць. Не ладзяць яны і падобных масавых шоў з арыштамі кіраўнікоў інтэрнэт-крамаў наркотыкаў.