Пад Светлагорскам вайскоўцы МУС вучыліся разганяць дэманстрацыі (Відэа)

Палеская Вясна 11.03.2020

Мясцовы жыхар зняў вучэнні асобнай патрульнай роты, якая дыслакуецца ў Светлагорску, спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС. Яны адбываліся на тэрыторыі былога аэрадрома паблізу ад вёскі Чыркавічы Светлагорскага раёна. 


Жаўнеры і іхнія камандзіры былі ў знаёмай многім у нашай краіне экіпіроўцы. Менавіта ў ёй гэтыя службоўцы шматкроць змагаліся з удзельнікамі мірных сходаў на вуліцах і плошчах беларускіх гарадоў. 


З 2003 года так званыя асобныя патрульныя роты дыслакуюцца ва ўсіх больш-менш значных раённых цэнтрах Гомельшчыны - Мазыры, Рэчыцы, Светлагорску. А ў Гомелі знаходзіцца камандаванне іхняга галоўнага злучэння - 6-й спецыяльнай міліцэйскай брыгады. Асноўнымі задачамі, якія афіцыйна дэкларуюцца для гэтых падраздзяленняў, з'яўляецца аказанне дапамогі раённым аддзелам міліцыі ў ахове грамадскага парадку ў населеных пунктах. Але асноўны вучэбны час вайскоўцаў гэтых ротаў прысвячаецца адпрацоўцы прыёмаў разгону мірных сходаў грамадзян. Каля Гомеля маецца адмысловы палігон для такіх заняткаў. Відавочна, што трэнаванне каля Светлагорска ў кашары для ўтрымання жывёлы побач з кучамі вывезенага на поле гною было асабістай ініцыятывай камандавання светлагорскай 5-й асобнай патрульнай роты. 


Узмацненне падрыхтоўкі да разгонаў мірных сходаў у год, калі маюць прайсці чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі паводле выбарчага кодэксу, які робіць магчымымі шматлікія фальсіфікацыі, наштурхоўвае на думку, што дзейныя кіраўнікі краіны ў чарговы раз маюць намер трымацца за ўладу з дапамогай сілавых метадаў уціску правоў людзей.