Жыхара Рэчыцы прымусілі выбачацца на камеру карнікаў
Вітаўт Іллін
04.04.2023
У звязаным з карнымі лукашэнкаўскімі структурамі тэлеграм-канале з’явілася відэа, на якім начальнік участка
Рэчыцкага метызнага заводу выбачаецца за тое, што ставіў падабайкі ў чатах і
хадзіў на акцыі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай.
На
выкладзеным сілавікамі відэа бачна, што рэчычанін Андрэй Філіпушка падглядае
некуды і амаль зачытвае прызнальны тэкст. Падпіска на пэўныя крыніцы
інфармацыі, станоўчыя рэакцыі на паведамленні ў гэтых каналах і ўдзел у
перадвыбарчых мерапрыемствах у падтрымку не Лукашэнкі, а іншага кандыдата падаюцца
фактычна як парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Гэта цалкам хлуслівае
сцвярджэнне. Правы на атрыманне інфармацыі, выказванне свайго меркавання і ўдзел
у мірных негвалтоўных сходах гарантаваныя міжнародным правам аб правах чалавека
і нават дзейным заканадаўствам Беларусі.
У
суправаджальным тэксце да відэа карнікі ў абразлівай форме сцвярджаюць таксама,
што Філіпушка быў «завсегдатаем бчб-шабашей
задолго да 2020 года». Што лукашысты маюць на
ўвазе пад такой фармулёўкай – яны не ўдакладняюць. Але і любыя мерапрыемствы
пад сімволікай у бела-чырвона-белых колерах беларускага нацыянальнага сцяга не
забароненыя існуючым у Беларусі заканадаўствам. Пры гэтым варта ўлічваць, што
зараз у краіне працягваецца прававы дэфолт і законы не маюць аніякага дзеяння.
Пра
тое, ці ажыццяўляюць карнікі датычна Андрэя Філіпушкі яшчэ нейкі крымінальны
альбо адміністрацыйны пераслед, пакуль невядома.
Карныя
структуры лукашэнкаўскага рэжыму ў Беларусі і не думаюць спыняць рэпрэсіі, а шэрагі
тых, каго лукашэнкаўцы афіцыйна абвяшчаюць сваімі ворагамі ўсё шырацца. Падставай
для палітычна матываванага пераследу можа стаць любая дробязь, нават рэакцыя на
пэўныя паведамленні ў навінах.