Карнікі затрымалі рамесніцу ў Рэчыцы

Вітаўт Іллін 28.03.2023

>

Праўладныя каналы, звязаныя з карнымі падраздзяленнямі лукашэнкавага рэжыму, паведамілі пра затрыманне жыхаркі Рэчыцы,  рамесніцы Наталлі Белай.


Жанчыну прымусілі прызнавацца на відэа ў тым, што яна пасля пачатку палітычных рэпрэсіяў у ходзе перадвыбарчай кампаніі 2020 года ўдзельнічала ў ланцугах салідарнасці, у сеціве рабіла рэпосты і ставіла падабайкі, была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы, адпраўляла фота ў чат-бот канала «Рэальная Беларусь». Усё гэта карнікі падаюць як неякія злачынствы.

Насамрэч, удзел у ланцугах салідарнасці – гэта рэалізацыя права на мірны сход і выказванне меркаванняў. Рэпосты, падабайкі, падпіска на любыя крыніцы інфармацыі, а таксама дасыланне туды любой інфармацыі і выяваў – гэта рэалізацыя права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Абодва гэтыя правы ад нараджэння мае кожны чалавек, паводле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх  і палітычных правах. Але, варта памятаць, што ва ўмовах прававога дэфолту, створанага прыспешнікамі Лукашэнкі дзеля забеспячэння ўтрымання ім улады, аніякія правы людзей у Беларусі не дзейнічаюць.

Так званае «пакаяльнае відэа» з Наталляй Белай знята ў адным з памяшканняў лукашысцкіх карных структураў. У пісьмовым подпісе да відэа жанчыне пагражаюць зняволеннем і падаюць датычна яе абразлівыя словы.

Калі вам стала вядома пра затрамынне карнымі структурамі лукашэнкавага рэжыму вашага сваяка, блізкага ці знаёмага чалавека, а таксама для атрымання кансультацыяў аб  дзеяннях, якія можна прадпрыняць у такім выпадку, паведамляйце ў мэсэджары Тэлеграм @hajovy, @lamunieca альбо ў чат-бот Праваабарончага цэнтра «Вясна» ў Тэлеграме @viasna_bot.