У Мазыры затрыманы інжэнэр-энэргетык
Вітаўт Іллін
15.11.2022
>
Як паведамілі тэлеграм-каналы,
звязаныя з карнымі структурамі Беларусі, мазыранін Антон Хаткевіч быў затрыманы
супрацоўнікамі гомельскага ўпраўлення ГУБАЗіК сумесна з АМАП.
Падставай для затрымання сталі размешчаныя ім каментары ў
інтэрнэце. На апублікаваным відэа бачна, што сілавікі схапілі яго проста на
працы. У так званым пакаяльным відэа, якое злеплена з нарэзаных кавалкаў
маўлення Антона, ён нібыта гаворыць, што ў лютым напісаў у інтэрнэце антываенны
пост і нейкую інфармацыю пра Лукашэнку, якую праз злепку кавалка відэа зняволены
Антон называе хлуслівай.
У тэкставым каментары карнікаў сказана, што Антон
Хаткевіч увайшоў у шэраг так званых «экстрэмісцкіх фармаванняў» і распальваў
варажнечу ды абражаў Лукашэнку. Падчас затрымання ён нібыта спрабаваў уцячы і
зламаць тэлефон.
Цяпер мужчыну паграджае цэлы стос артыкулаў Крымінальнага
кодэкса. Гэта і распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай
сацыяльнай варожасці, і артыкулы 367 і 368 аб абразе лукашэнкі і паклёпе на яго,
нават артыкул 361 пра стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім.
Размяшчэнне якіх заўгодна каментароў у інтэрнэце з’яўляецца
рэалізацыяй уласцівай любому чалавеку згодна з Усеагульнай дэкларацыяй правоў
чалавека і Міжнародным пактам аб грамадзснскіх і палітычных правах свабоды
выказвання меркаванняў. Гэтая свабода, згодна з міжнароднымі дакументамі, не
можа быць абмежавана і дзяржава не мае права неяк яе рэгуляваць. Пераследам за
выказванне меркаванняў, у тым ліку пра службовых асобаў дзяржаўнага апарату, улады
Беларусі груба парушаюць міжнародныя дакументы ў сферы правоў чалавека.