Што ахоўваюць так званыя праваахоўныя органы?

Вітаўт Іллін 05.08.2022

>

Газета Гомельскага аблвыканкама "Гомельская праўда" напісала невялікую нататку аб разбойным нападзе ў Рэчыцы. І артыкул гэты вельмі добра ілюструе сітуацыю, што склалася зараз у беларускай праваахоўнай сістэме.

У сакавіку гэтага года, мужчына ў стане алкагольнага ап'янення, на вуліцы аднаго з населеных пунктаў Рэчыцкага раёна падбег да грамадзянкі і вырваў у яе з рук жаночую сумачку. У ёй знаходзіліся грошы ды іншая маёмасць. Не пакінуў ён па-за ўвагай і пакет з прадуктамі, які таксама быў выкрадзены. Падазроны затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, у дачыненні да яго распачата крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 206 КК Беларусі (рабаўніцтва). Падчас расследавання крымінальнай справы затрыманы поўнасцю прызнаў сваю віну. Крымінальная справа перададзена пракурору для далейшага накіравання ў суд. Грамадзяніну пагражае пакаранне да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Так цалкам выглядае артыкул, апублікаваны "Гомельскай праўдай". Здавалася б, што тут такога? Але ўвагу тут прыцягвае тэрмін пакарання для злаўмысніка, які здзейсніў нахабнае рабаўніцтва наўпрост на вуліцы. Да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Гэта не мала. Але давайце параўнуем гэты тэрмін з тымі тэрмінамі, што пагражаюць беларусам за іншыя дзеянні, якія фармальна ім гарантаваныя Канстытуцыяй краіны, ў якой яны жывуць. Так, згодна арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за ўдзел у вулічных мітынгах ці шэсцях можна атрымаць да трох гадоў пазбаўлення волі. За рэпост інфармацыі з інтэрнэт-рэсурсу, які быў прызнаны экстрэмісцкім, пагражае ўжо да сямі гадоў. За "публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрадзе дзяржаве" тэрмін будзе ўжо шэсць год. Пры гэтым пад "здраду дзяржаве" можна падагнаць абсалютна ўсё, што заўгодна – ад каментара СМІ, якое зарэгістравана за межамі Беларусі да ўдзелу ў зум-канферэнцыі з замежнікамі. За "публічную абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" (арт.368 КК) пагражае да чатырох гадоў. Троху менш каштоўнымі з'яўляюцца іншыя прадстаўнікі ўлады. За іх абразу максімальны тэрмін - тры гады (арт.369 КК).

Пры гэтым, варта ўлічваць, што ўсё пералічанае – гэта нават не нейкія наўпроставыя дзеянні, скіраваныя на шкоду камусьці, а фактычна выказванне сваіх думак, словы. І міжнародныя дакументы ў сферы правоў чалавека ахоўваюць права на выказванне меркавання як адно з асноўных. Напрыклад, у 19-м артыкуле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека сказана, што кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх; гэтае права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў.

З усяго вышэй азначанага вынікае факт, што за сапраўдны крымінальнік, злачынца мае шанец атрымаць нашмат менш, чым чалавек, які проста пакіуў каментар у інтэрнэце ці выйшаў на пікет, рэалізуючы сваё адно з асноўных правоў. Наша так званая праваахоўная сістэма бароніць не грамадзян, яна бароніць сама сябе і крымінальнікі, якія і рабуюць грамадзян, для яе больш пажаданыя і зразумелыя, чым людзі, якія проста выказваюць адрозную ад уладнай грамадскую пазіцыю.