Яшчэ адзін жыхар Мазыра прызнаны палітычным зняволеным
Палеская Вясна
20.05.2022
Праваабарончая
супольнасць Беларусі 20 траўня прыняла заяву аб прызнанні трох новых
палітвязняў. Сярод іх і жыхар Мазыра.
Палітычным зняволеным прызнаны мазырскі экалагічны і хрысціянскі
актывіст Павел Наздра. Яго затрымалі
12 траўня за рэалізацыю права на збор, атрыманне і распаўсюд інфармацыі.
Маўляў, ён зняў відэа аб перасоўванні праз Мазыр вайсковай тэхнікі Расіі, якая
кіравалася на ваенную агрэсію ва Украіну з тэрыторыі нашай краіны.
«У пазасудовым парадку МУС і КДБ
адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, што аб'яднаныя грамадскімі
ці палітычнымі інтарэсамі, крытыкуюць дзеянні ўлад і патрабуюць змен у дзяржаве
і палітыцы, якую яна праводзіць. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага
прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў у
якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання
меркаванняў», - гаворыцца ў сумеснай заяве шасці праваабарончых
арганізацыяў Беларусі.
Улады абвінавачваюць Паўла Наздру ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці»,
бо раней адвольным рашэннем МУС без права на абарону прызналі экстрэмісцкім
фармаваннем тэлеграм-канал «Беларускі гаюн», праз які Павел меўся распаўсюдзіць
здабытую ім інфармацыю (міжнароднае права аб правах чалавека дае права
распаўсюджваць інфармацыю любым дасяжным чалавеку спосабам).
«Ацэньваючы паказаную інфармацыю ў
кантэксце грамадска-палітычнай сітуацыі апошніх тыдняў, асноўнай падзеяй якіх
сталася ваеннае ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Украіну і акты антываеннага
пратэсту і салідарнасці з народам Украіны, якія з'явіліся пасля гэтага, мы
прыходзім да высновы пра тое, што ў дадзеных выпадках грамадзяне пераследуюцца
праз іх палітычныя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем
свабоды выказвання меркаванняў і асацыяцыі», - сцвярджаюць праваабаронцы.
Яны патрабуюць неадкладна вызваліць і спыніць пераслед Паўла Наздры ды
іншых палітзняволеных.