У Мазыры ГУБАЗіК затрымаў вядомага экаактывіста Паўла Наздру
Палеская Вясна
13.05.2022
>
Карнікі выклалі
ў сваім тэлеграм-канале відэа з кадрамі затрымання актывіста і ягоным
раскаяннем.
На відэа бачна, як група з чатырох узброеных людзей у
амуніцыі вядзе Паўла Наздру і саджае
ў белы мікрааўтобус. Адзін з карнікаў, відавочна, кіраўнік аперацыі затрымання,
мае берэт барвовага колеру, які ў шэрагах сілавікоў лічыцца чамусьці крапавым,
мае на рукаве замест шэўрона чырвона-залёны сцяжок лукашэнкавага дзяржапарату.
Чым апраўдана такое жорсткае затрыманне – невядома.
Павел НАЗДРА. Фота: Зялёны партал.
Затым у відэа Павел распавядае на камеру, што ён «зрабіў
публікацыю на тэлеграм-канале “Беларускі гаюн” аб перасоўванні расійскіх войскаў
у горадзе Мазыры». У апісанні, якое прыводзіць ГУБАЗіК у сваім тэлеграм-канале, Паўла Наздру
абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства. Менавіта так трактуюць створаныя
лукашэнкавым рэжымам законы ажыццяўленне прадугледжанага Усеагульнай
дэкларацыяй правоў чалавека і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных
правах права на збор, атрыманне і распаўсюд інфармацыі. У сваім крымінальным
кодэксе лукашысты стварылі артыкул 361-4 (адмыслова распрацаваныя ў апошні год
артыкулы ў паднумарамі праз злучок, скіраваныя на прыдушэнне грамадскай
актыўнасці жыхароў Беларусі), які называецца «Садзейнічанне
экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле яго можа быць прызначана да 6 гадоў зняволення проста за перадачу
інфармацыі супольнасці, якую МУС сваім аднаасобным рашэннем прызнае экстрэмісцкім
фармаваннем. І менавіта гэты артыкул, паводле інфармацыі ў тэлеграм-канале
ГУБАЗіКА, ставяць у віну Наздру.
Права на збор і распаўсюд інфармацыі можа быць абмежавана ў тым ліку дзеля
цікавасцяў нацыянальнай бяспекі. У той жа час, інфармацыя аб перасоўванні па
тэрыторыі Беларусі расійскіх войскаў, якую распаўсюдзіў Павел Наздра, не можа
шкодзіць нацыянальнай бяспецы, бо яна тычыцца войскаў іншай дзяржавы, якія не
спрыялі нацыянальнай бяспецы Беларусі, а нааадварот - выкарыстоўвалі тэрыторыю
Беларусі для ажыццяўлення ўзброенай агрэсіі ў дачыненні да суседняй краіны –
Украіны, і здзяйснення там ваенных злачынстваў, што прызнана многімі
міжнароднымі арганізацыямі. Акрамя таго, Міжнародны пакт аб грамадзнскіх і
палітычных правах прадугледжвае, што спосаб, якім чалавек, што ажыццяляе сваё
права, будзе распаўсюджваць інфармацыю, ён вольны абіраць сам, незалежна ад
дзяржаўных межаў, і дзяржава не мусіць гэта рэгуляваць.
Павел Наздра вядомы тым, што з’яўляўся прадстаўніком у
Мазыры ініцыятывы «Зялёны дазор». Ён арганізаваў у горадзе шэраг экалагічных акцыяў і ініцыятываў, у якіх
удзельнічалі ў тым ліку і прадстаўнікі ўладных органаў. Таксама Павел Наздра з’яўляецца
адным з сузаснавальнікаў партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя.