У Мазыры затрымалі дваіх мужчын і абвінавацілі ў тэрарызме за знойдзеныя ў гаражы пустыя пляшкі і паліва
Палеская Вясна
11.03.2022
Пра пераслед
дваіх мазырчукоў паведаміла прэс-сакратарака Гомельскага абласнога ўпраўлення
Следчага камітэта Марыя Крываногава. Яна сказала, што мазырчукі, нібыта, збіраліся
знішчаць вайсковую тэхніку Расійскай Федэрацыі падчас яе перасоўвання праз
Мазырскі раён.
Расійскія акупанты Украіны нешта ці некага перакідаюць з санітарнага аўтобуса ў вагоны расійскіх чыгунак на станцыі Мазыр.
Як удалося даведацца Палескай Вясне ад суседзяў
затрыманых мужчын, у іх праводзілі прератрусы ў месцы жыхарства і ў гаражах.
Пры гэтым у гаражы аднаго з іх знайшлі каністры з палівам і алівай, а таксама
пустыя пляшкі. Аніякіх кактэйляў Молатава ў мужчынаў не знайшлі, нават пры тым,
што ў гаражы капалі земляную падлогу рыдлёўкамі.
«Паліва і аліва
звычайна захоўваецца людзьмі ў гаражах. Ды і, калі няма дзе пасядзець, многія
ідуць у гараж. Там і пустыя пляшкі пакідаюць. Так цяпер каго заўгодна можна
тэрарыстам абвясціць. Нават тое, што ў людзей могуць быць і петарды, нейкія
іншыя піратэхнічныя вырабы – ані не кажа, што яны тэрарысты. Тых нібыта поўных
пляшак, якія паказаныя на фота да паведамлення Следчага камітэта, пры ператрусе
знойдзена не было, хаця, яны нават пясок рыдлёўкамі капалі. Але злосць на
расійскіх акупантаў, якія выкарыстоўваюць тэрыторыю Мазыршчыны для ўварвання ў
суседнюю Украіну, у нас у горадзе паўсюдна. Мы ўвесь час бачым перасоўванне расійскай
ваеннай тэхнікі, захопнікаў Украіны сустракаем у крамах, лазнях. У нашых
лякарнях усё завалена абрубкамі расійцаў, дактароў прымушаюць лекаваць цяжка
параненых ва Украіне расійскіх акупантаў – без рук, без ног, з адарванымі
вушамі і выпаленымі вачыма, часам нават ва ўрон аказанню планавай меддапамогі
мазырцам. І гэта не прымаюць беларусы ў Мазыры. Яшчэ большая злосць у людзей на
адрас Лукашэнкі, які ўцягнуў Беларусь у расійска-ўкраінскую вайну і такім чынам
цалкам аддаў суверэнітэт нашай краіны на водкуп ашалеламу дыктатару Пуціну.
Таму, імкненне неяк супрацьстаяць расійскім войскам ёсць у пераважнай большасці
беларусаў. А дзеянні таго ж Следчага камітэта, які спрабуе вышукваць ворагаў
расійскай ваеншчыны ў Беларусі і караць іх, нагадваюць дзеянні СС ці Гестапа ў
сярэдзіне мінулага стагоддзя, якія таксама каралі тых, хто імкнуўся нашкодзіць
іншаземным ваякам, што прыйшлі на нашую зямлю», - сказаў нам
жыхар Мазыра, які са зразумелых прычынаў папрасіў не называць ягонае імя.