Актывіста з Рэчыцы Юрыя Шчучко ўлады абвясцілі экстрэмістам

Палеская Вясна 10.08.2024

>

Пра занясенне мужчыны ў так званы спіс экстрэмістаў паведаміла Гомельская Вясна.

Юрыя Шчучко, якога суд Лоеўскага раёна ў ліпені асудзіў да пяці гадоў пазбаўлення волі праз ягоную палітычную дзейнасць, улады ўнеслі ў так званы “Спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”. У гэтым спісе ўжо даўно людзі, унесеныя туды паводле палітычна матываванага крымінальнага пераследу, значна перавышаюць колькасць рэальных экстрэмістаў, што абясцэньвае значнасць таго спісу, як крыніцы інфармацыі пра небяспечных для грамадства людзей.

У ліпені ў судзе Лоеўскага раёна вынеслі прысуд Юрыю Шчучко паводле васьмі палітычна матываваных абвінавачванняў. Пры гэтым сам суд адбываўся завочна, таму што Шчучко знаходзіцца ў бяспечным месцы ў адной з краінаў Еўрасаюзу і супрацоўнікі карных органаў Беларусі не могуць яго пакараць.  Юрый прысуд не абскарджваў, паставіўся да яго з іроніяй.


Тым не менш, знаходжанне Юрыя Шчучко ў эміграцыі складальнікі спісу “экстрэмістаў”, відавочна, палічылі адбываннем пакарання. Прынамсі, у тым спісе ў радку, прысвечаным Шчучко, у адпаведнай графе стаіць пазнака “отбывает наказание“. Ці праз пяць гадоў пасля набыцця так званым прысудам сілы, пакаранне, вынесенае Шчучко, будзе лічыцца адбытым, у спісе не згадваецца.