Назіральніцу ў Мазыры пазбавілі акрэдытацыі ў першы ж дзень датэрміновага галасавання
Палеская Вясна
22.02.2022
Афіцыйная
прычына пазбаўлення акрэдытацыі – парушэнні ў дакументах на акрэдытацыю
назіральнікам. Якія канкрэтна – камісія на пазначыла.
Назіральніцу на выбарчым участку № 15 ў Мазыры Алену Шацілу пазбавілі акрэдытацыі ў
першы ж дзень датэрміновага галасавання на так званым рэферэндуме аб зменах Канстытуцыі.
Рашэнне падпісаў старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Уладзімір Хамутоўскі. У рашэнні ён спасылаецца, на тое, што «пры пераглядзе
пратаколаў па вылучэнні назіральнікаў ад палітычных партыяў, іншых грамадскіх
аб’яднанняў было выкрыта, што пратакол паседжання Прэзідыума Савета прафсаюза
работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці па вылучэнні ў якасці назіральніка
Шаціла А.С. складзены з парушэннем Палажэння аб парадку накіравання і дзейнасці
назіральнікаў пры падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага рэферэндума ў 2022
годзе». Чаму
да таго Алена Шаціла была акрэдытаваная, калі пратакол аб яе вылучэнні быў
складзены з парушэннямі, што стала нагодай для «перагляду» тых пратаколаў
і якія канкрэтна парушэнні камісары знайшлі ў пратаколе Хамутоўскі ў
сваім рашэнні не акрэслівае.
«Яны вусна мне
сказалі, што нібыта будуць пазбаўляць мяне акрэдытацыі за пагрозы, калі я
пытанні задавала наконт спісу выбаршчыкаў, які я прасіла паказаць, а яны
адмаўляліся, казалі “Навошта ён вам?”, маўляў я ім замінала працаваць. Сказалі,
што ў іх ёсць графік дзяжурства назіральнікаў і ў тым графіку асноўны дзень галасавання - у нядзелю, ужо заняты іншымі назіральнікамі. Я папрасіла паказаць яго, яны
таксама адмовілі, сказаўшы, што гэта іх дакументацыя і мне яна не трэба. Аніякай
інфармацыі адкрытай на ўчастку не было. Старшыня кудысьці тэлефанаваў, называў
маё прозвішча. Праз 2 гадзіны мяне запрасілі і выдалі мне рашэнне, дзе ўжо напісана пра
парушэнні ў пратаколе аб вылучэнні мяне назіральнікам», - распавяла
праваабаронцам Алена Шаціла.