«Калі дзёрнецца – гасі яго!». У Калінкавічах арыштавалі жыхара Светлагорска за падпіску на суполку Радыё Свабода ў Вконтакте
Палеская Вясна
16.02.2022
Да светлагорца
прычапіліся карнікі з АМАПу, бо ён у чаканні цягніка шпацыраваў па
прывакзальнай вуліцы, а недзе побач мусілі грузіцца расійскія вайскоўцы.
Жыхар Светлагорска Андрэй
Шалапаеў 11 лютага ехаў са свайго горада да бацькоў у Ельск. У Калінкавічах
ён мусіў зрабіць перасадку з цягніка на цягнік, паміж якімі быў досыць працяглы
час. Таму ён выйшаў у горад і прайшоўся туды-сюды па прывакзальнай вуліцы
Кастычніцкай. Пры гэтым у тэлефоне замаўляў і аплочваў электронны квіток на
цягнік. У нейкі момант непадалёк ад скрыжавання з вуліцай Карла Маркса развярнуўся
нейкі бус ды пад’ехаў да яго. З машыны выскачылі людзі ў форме АМАПу.
Карнікі пачалі пытаць, хто такі, што тут робіць,
патрабаваць прад’явіць дакументы. Пакуль Андрэй шукаў пашпарт выпадкова
выцягнуў звязку ключоў з бралокам, на якім была выява нацыянальнага герба Пагоня.
АМАПаўцы адразу пачалі паводзіцца агрэсіўна, адзін пачаў крычаць іншаму “Юра, калі дзёрнецца – гасі яго!”. Калі
светлагорац падаў ім пашпарт, яны адразу выцягнулі яго з вокладкі, пад якой
яшчэ даўно ляжала налепка нацыянальных колераў.
Пасля гэтага карнікі забралі ў Андрэй Шалапаева тэлефон,
запатрабавалі пароль ад тэлефона і ад мэсэджара Тэлеграм. Андрэй вымушаны быў
даць ім паролі. У Тэлеграме яны нічога не знайшлі. А ў сацыяльнай сетцы Вконтакте
знайшлі падпіску на суполку Радыё Свабода. Карнікі завезлі Шалапаева ў
Калінкавіцкі РАУС. Там іншыя прыспешнікі рэжыму зняволілі яго ў ІЧУ і склалі
пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле часткі 2 артыкула 19.11 лукашэнкавага
КабАП (Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай к Рэспубліканскі спіс
экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Пасля двух дзён зняволення адбыўся суд. Рэпрэсіўную
справу разглядала прызначаная асабіста Лукашэнкам на пасаду судззі Святлана Сарнаўская. Яна доўга
дапытвалася ў Андрэя Шалапаева ці ведае ён, што ў краіне адбываюцца падзеі
пасля кампаніі па выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе, што людзей прыцягваюць да
адказнасці за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Андрэй Шалапаеў тлумачыў, што падпісаўся
на Радыё Свабода даўно таму што хацеў мець рознабаковую інфармацыю, у тым ліку
яму імпанавала тое, што гэтае радыё падае інфармацыю на беларускай мове.
Такім чынам, Сарнаўская вырашыла, што Шалапаеў прызнаў,
што сапраўды быў падпісаны на суполку Радыё Свабода. А паколькі спіс ягоных
падпісак быў бачны іншым карыстальнікам сацсеткі, то такім чынам ён інфармацыю
Радыё Свабода распаўсюджваў сярод гэтых карыстальнікаў.
Святлана Сарнаўская прысудзіла Андрэю Шалапаеву арышт
тэрмінам на 4 содняў.
«Гэта відавочнае і грубае парушэнне права на свабоду меркаванняў і свабоднае іх выказванне, прадугледжанае ў 19-м артыкуле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Там адназначна гаворыцца, што "кожны
чалавек мае права на свабоду перакананняў i на свабоднае выказванне iх; гэта
права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлiвацца сваiх перакананняў i свабоду
шукаць, атрымлiваць i распаўсюджваць iнфармацыю i iдэi любымi сродкамi i
незалежна ад дзяржаўных межаў". Прычым, гэты артыкул асноўнага міжнароднага дакумента аб правах чалавека не прадугледжвае абмежавання гэтага права нейкімі нацыянальнымі законамі, бо гэта свабода пошуку і распаўсюду меркаванняў, а ў ажыццяўленне свабоды дзяржава не мусіць умешвацца. Тым не менш, мы бачым, што беларускія ўлады рукамі прызначаных Лукашэнкам на пасады суддзяў людзей, ажыццяўляюць рэпрэсіі за ажыццяўленне аднаго з падставовых правоў чалавека», - пракаментаваў сітуацыю праваабаронца Андрэй Мядзведзеў.