У Мазыры мужчыну судзяць за арганізацыю жывога ланцуга Палескі шлях-2020, якога не было
Палеская Вясна
10.02.2022
Нягледзячы на
тое, што мазырцы самі выходзілі на мірныя сходы як да выбараў, так і пасля,
улады спрабуюць абвінаваціць у іх арганізацыі канкрэтнага чалавека.
9 лютага прызначаная асабіста Лукашэнкам на пасаду суддзі
так званага суда Мазырскага раёна Валянціна
Новікава, якая раней ужо выносіла шмат рэпрэсіўных прысудаў у палітычна
матываваных справах, пачала разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да Антона Кошчанкі. Яго карнікі
абвінавачваюць паводле артыкула 342 свайго Крымінальнага кодэкса
ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак
альбо актыўным удзеле ў іх.
У судзе Антон Кошчанка адмовіўся ад дачы паказанняў. Але
прадстаўнік пракуратуры Ярмоленка,
які выступаў дзяржабвінаваўцам, прачытаў з матэрыялаў справы нібыта чыстасардэчнае
прызнанне Кошчанкі, атрыманае карнікамі падчас утрымання яго ў сваіх вязніцах.
У ім Кошчанка заяўляе, што распрацаваў і змясціў на
абмеркаванне ў тэлеграм-канал «Мозырь 97%» план Палескага шляху-2020 на ўзор
Балтыйскага шляху 1989 года. У ім людзі меліся стаць жывым ланцугом спачатку ад
Мазыра да Калінкавічаў, а пазней маглі далучацца і жыхары іншых гарадоў і
вёсак. Гэты план ён нібыта абмяркоўваў з нейкім чалавекам, з якім сустракаўся
некалькі разоў у Мазыры. Але такой падзеі ў 2020 годзе ў мазырска-калінкавіцкім
рэгіёне не адбывалася.
Таксама нібыта ён у жніўні 2020 года ў тэлеграм-каналах
пры абмеркаванні прапанаваў блакаваць райвыканкам, РАУС, пракуратуру і Следчы
камітэт і патрабаваць ад іх выканання заканадаўства, нібыта заклікаў
выкарыстоўваць кактэйлі Молатава. Таксама ў абвінавачванні шмат іншых эпізодаў,
з якіх падаецца, што Антон Кошчанка арганізаваў усю пратэстную актыўнасць у
Мазыры.
Антона Кошчанку затрымалі яшчэ ў першы месяц паслявыбарных
пратэстаў. Потым на нейкі час яго вызвалялі, але тры месяцы таму зноў зняволілі. З таго часу ён утрымліваўся ў месцах зняволення рэжыму Лукашэнкі.