У Калінкавічах дэфектолагу дзіцячага садка прысудзілі 20 базавых вялічыняў штрафу за рэалізацыю права на атрыманне інфармацыі
Палеская Вясна
25.12.2021
Улады
працягваюць змагацца з іншадумствам у краіне. Яны перакрываюць крыніцы
інфармацыі, альтэрнатыўныя дзяржаўнай прапагандзе. Настаўніцу-дэфектолага
дзіцячага садка ў Калінкавічах судзілі толькі за тое, што яна была падпісаная
на суполкі тэлеканала Белсат.
Вікторыя ЯШЧАНКА ў судзе.
Данос на жыхарку Калінкавічаў Вікторыю Яшчанка напісаў яе зямляк, які прыслужвае рэжыму ў
мясцовым аддзеле МУС, аперупаўнаважаны крымінальнага вышуку маёр Дзмітрый Мішкевіч. У рапарце, які ён
накіраваў на імя кіраўніка гэтага самага аддзела МУС Дзяниса Ката, Мішкевіч паведаміў, што «Ященко В.В., неоднократно принимавшая
участие в несанкционированных массовых меропрятиях в августе 2020 года в г.
Калинковичи, на своей странице «primula2586» открытой для свободного доступа, в социальной сети «Instagram», содержит подписку на группу «beisat» (Belsat TV). На странице Ященко В.В. содержатся и иные подписки на
сообщества оппозиционной направленности (Страна для жизни, Nexta.life.basta_bel, tutbylive и иные) /прыслужнікі карных
органаў, якія забяспечваюць утрыманне ўлады ў Беларусі рэжымам Лукашэнкі, чыняць
усе свае справы на расійскай мове, таму ў цытатах захаваная гэтая мова, а
таксама аўтарскі стыль, арфаграфія і пунктуацыя міліцыянтаў/. Такія дзеянні,
піша Мішкевіч, маюць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, якое
прадугледжана артыкулам 19.11 Кодэкса аб адміністрацыных правапарушэннях («Распаўсюд,
выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, што ўтрымлівае заклікі да
экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуюць такую дзейнасць») альбо нават
артыкула 361.1 Крымінальнага кодэкса (“Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або
ўдзел у ім»).
Збор матэрыялаў на Вікторыю Яшчанка і складанне пратакола аб адміністрацыйным
правапарушэнні выканаў участковы інспектар капітан міліцыі Ілля Фралоў. Ён сцвярджаў у пратаколе, што настаўніца дзіцячага
садка не проста чытала навіны тэлеканала Белсат, а «хранила с целью распространения информационную продукцию, включенную в
Республиканский список экстремистских материалов…». З чаго ён робіць такія
высновы, капітан у сваім пратаколе не абгрунтоўвае.
З так званых доказаў «захоўвання з мэтай распаўсюду» у матэрыялы справы
далучаныя скрын-шоты старонкі Вікторыі Яшчанка ў Інстаграме, пратаколы агляду
яе тэлефона і апытання яе самой. Падчас апытання Вікторыя распавяла, што
падпісалася на розныя інфармацыйныя каналы яшчэ ў 2020 годзе, але да
экстрэмісцкай дзейнасці дачынення не мае.
24 снежня у судзе Калінкавіцкага раёна прызначаная асабіста Лукашэнкам на
пасаду суддзі Святлана Кугейка
разгледзела складзеную міліцыянтамі адміністрацыйную справу. Падчас
судовага паседжання Вікторыя Яшчанка віну ў здзяйсненні правапарушэння не
прызнала, адзначыла, што ў агалошаных матэрыялах справы яна не пабачыла доказаў
сцвярджэння міліцыянтаў аб захоўванні падпісак на групу тэлеканала Белсат з
мэтай распаўсюду. Тым не менш, Святлана Кугейка пастанавіла аштрафаваць
Вікторыю Яшчанка на 20 базавых вялічыняў (580 рублёў) і канфіскаваць забраны ў
яе міліцыянтамі мабільны тэлефон у даход рэжыму Лукашэнкі.